АД РЭДАКЦЫЙНАЙ КАЛЕГІІ „Слоўнік гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі" падрыхтаваны калектывам выкладчыкаў кафедры беларускай мовы Беларускага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга дзяржаўнага універсітэта імя У. І. Леніна. У Слоўнік уключана дыялектная лексіка наступных тэматычных i лексіка-семантычных груп: назвы з'яў жывой i нежывой прыроды; сельскагаспадарчыя тэрміны; лексіка, звязаная з жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам, пчалярствам, апрацоўкай лёну, ткацтвам, з прыгатаваннем ежы, з характарам паводзін, са знешнім абліччам людзей i жывых істот, з адзеннем i абуткам. У Слоўнік уключаны багаты лексічны матэрыял магнітафонных запісаў дыялектнай мовы. Значнае месца ў Слоўніку займае тэрміналагічная лексіка, якая адлюстроўвае заняткі сялян дакалгаснай вёскі i часоў буржуазнай Польшчы; апісаны народныя промыслы i рамёствы, адзенне, абутак, вырабы кулінарыі, народнага прыкладнога мастацтва, прылад i сродкаў сельскагаспадарчай вытворчасці, ткацкай справы i інш. Багатая эмацыянальна-экспрэсіўная лексіка, якая характарызуе чалавека - яго знешні выгляд, характер, паводзіны, дзеянні; лексіка, што характарызуе прадметы, з'явы i г. д. У матэрыялах Слоўніка многа запазычаных слоў. Паўночна-заходняя i заходняя частка гаворак Міншчыны — гэта зона шматвяковых інтэнсіўных кантактаў народна-гутарковай мовы з польскай i літоўскай мовамі, a праз іх — з іншымі заходнееўрапейскімі. Ад гэтага, зразумела, дыялектная лексіка не губляе сваёй нацыянальнай спецыфікі i характару. Замацаванне запазычаных слоў у дыялектнай мове сведчыць аб тым, што адным з вядучых фактараў кансалідацыі мовы з'яўляецца кантакт з суседнімі мовамі; адбываецца своеасаблівы творчы сінтэз запазычаных i ўласных лексічных адзінак. Для „Слоўніка гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі" экспедыцыйным спосабам на лексічным узроўні вывучаны гаворкі сельскага насельніцтва 16 раёнаў Мінскай вобласці, размешчаных у радыусе 200—250 км вакол сталіцы рэспублікі горада Мінска, - Барысаўскага, Бярэзінскага, Валожынскага, Вілейскага, Дзяржынскага, Крупскага, Лагойскага, Маладзечанскага, Мінскага, Мядзельскага, Нясвіжскага, Пухавіцкага, Смалявіцкага, Стаўбцоўскага, Уздзенскага, Чэрвеньскага (гл. карту). Гаворкі названых раёнаў самабытныя ў моўным аспекце. Паводле фанетыка-граматычных асаблівасцей яны ўваходзяць у сярэднюю (цэнтральную) дыялектную зону, якая звязвае ў асобную міждыялектную групу так званых пераходных гаворак сярэднебеларускія гаворкі i сумежныя з ім і гаворкі паўночна-ўсходняга i паўднёва-заходняга дыялектаў1. Гаворкі цэнтральнай дыялектнай зоны склалі аснову сучаснай беларускай літаратурнай мовы, a такія іх рысы, як дзеканне, цеканне, пераход в, л у пэўнай пазіцыі ў у нескладовае, цвёрдыя шыпячыя, p, ц, аглушэнне звонкіх зычных у канцы слова i склада перад глухім зычным, цвёрдыя губныя на канцы слова i перад j, чаргаванне складоў ро, ло, ле з ры, лы, лі i інш.,вызначаюць яе нацыянальную спецыфіку. Толькі гэтым гаворкам характэрна поўнае недысімілятыўнае аканне (д[а]чкá, г[а]д[а]вáць, б[а]гáт[а]), а ў радзе раёнаў - поўнае недысімілятыўнае яканне (в'[а]снá, б'[а]лавáты, хлóп'[а]ц, на рабóц'[а]). Слоўнікавы састаў беларускіх гаворак цэнтральнай дыялектнай зоны пакуль што глыбока не вывучаўся, няма колькі-небудзь значных лексікаграфічных публікацый з сярэднебеларускіх гаворак. А між тым навуковая i практычная цікавасць да іх лексічнага багацця значная. Ёсць меркаванне, што гаворкі цэнтральных раёнаў Беларусі — Міншчыны i Навагрудчыны — на пачатку XX ст. з'явіліся „авангарднай апорай" для беларускай пісьмовай літаратурнай мовы. Літаратурная мова ў працэсе свайго фарміравання i развіцця адбірала найбольш тыповыя дыялектныя з'явы, спрыяла паступоваму згладжванню вузкадыялектных адрозненняў. У 30-я гады выпрацоўка i стабілізацыя норм пісьмовай літаратурнай мовы праводзілася з выразнай арыентацыяй на гаворкі цэнтральнай дыялектнай зоны, у прыватнасці з улікам дыялектнай сітуацыі ў Мінску — сталіцы i цэнтры эканамічнага i культурнага будаўніцтва ў рэспубліцы — i традыцыйных мясцовых гаворак наваколля горада. Крывіцкі А. А. Беларускае дыялектнае вымаўленне // Крывіцкі А. А., Падлужны А. І. Фанетыка беларускай мовы. — Мн., 1984. С. 140; Лінгвістычная геаграфія i групоўка беларускіх гаворак: Кніга карт. — Мн., 1969. Карты № 64, 78. Гл. падрабязней: Крывіцкі А. А. Беларускае дыялектнае вымаўленне. С. 262—263; Карскій Е. Ф. Русская диалектология. — Л., 1924. С. 118; Вайтовіч Н. Т. Да пытання аб дыялектнай аснове беларускай літаратурнай мовы // Працы Ін-та мовазнаўства АН БССР. — Мн., 1954. Вып. 2. С. 174.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
208 👁