Старонка 265
◀ / 290 ▶
лажылі і кінулі, а тады ўжо сьцены ўзводзілі. Вецярэвічы Пух. Хату новую збудуем, толькі падмуроўку засталося заліць. Зарэчча Смал. Падмуроўку мы заўсёды белім, яно неяк прытней. Літва Стаўб. ПАДМЫЎ м. Месца, дзе вада падмывае бераг. Бывае каля берага дзе трохі падмыў, а так німа. Ігрушка Круп. ПАДМЯЛІЧЧА н. Кастрыца. С падмяліччя даўней коўдры шылі. Рабунь Віл. ПАДМЯЛЛЕ н. Тое, што і падмяліччя. Наносіш падмяльля на гару, цяплей станіць у хаці. Вішнева Валож. ПАДНАВЕС м. Павець. Пасуду сушаць у паднавеся з лаўкамі. Івянец Валож. Паднавес у калхозі, дзе вазы ставяць. Нізок Уздз. У паднавес ставяць калёсы, вісела збруя конская, вуздэчкі, хамутэ. Паднавес зроблен ад дажджу. Мікалаеўшчына Стаўб. Поўны паднавес сена налажылі. Вецярэвічы Пух. ПАДНАДЗЕЦЬ зак. Пададзець, падапрануць. — А не, паднадзень ты жакетачку. Радзі гэтага, што цяплей, паднадзень. Смольніца Смал. ПАДНАДОЛАК м. Подбіўка. Нада абрубіць паднадолак. Ваўкалатка Віл. ПАДНЕСЦІСЯ зак. Заразіцца, захварэць. А ў тоя лета паднёсься наш сын шкарлатынай, было бяды. Дрычын Пух. ПАДНІМАННЕ н. Дзеянне паводле дзеяслова паднімаць (папар, цаліну, зябліва). Сёньня на падніманьні рабіў. Пруды Стаўб. ПАДНОЖКА ж. Ткац. Понаж. Як восім нітоў, то і падножак восім. Каб ня змыліцца, трэба правільна хадзіць па падношках. Ляшчынск Мядз. ПАДНОЖКА ж. Планка, якая звязвае ўнізе ножкі стала або табурэткі. Ні стаўляй ногі на падношкі, а то я толькі памыла, а ты заробіш. Рудня Лаг. Прыбі лепш падношку, а то зусім адваліцца. Нізок Уздз. ПАДНОЖНІК м. Палавік. Як пагляджу, у чыстым сьпяць [даўна спалі на хужэйшых зрэбных пасьцілках, як цяпер падножнікі гэтыя ў хаці ліжаць], смашна ядуць, абы-што ня хочуць, кажуць, гэта нісмашна, а гэта нідарэшнае. Засценак Лаг. ПАДНЯБЕННЕ н. Верхняя частка (унутры) печы, скляпенне. У нашай печы паднябеньня зробляна с каменя і бітай гліны. Вецярэвічы Пух. Паднябеня ў печы высока, дроў ні набрацца, два бярэм'і спаліш — і печ халонна. Нізок Уздз. Паднябеньня ўсё закапцела, выгарала, аш кускі зь верху падалі. Зазерка Пух. Калі хочаш, каб добра сьпёкся хлеп, то трэба так напаліць печ, каб аш паднябеньня белая было. Дукора Пух. ПАДНЯЦЦА зак. Падрасці. Як трошкі падняўся з малых, яшчэ да арміі, дык і пачаў дом дабудоўваць. Вялікая Вуса Уздз. Падысці, павялічыцца ў аб'ёме. Пяць кіль накруціла трускавак, і маё варэнё ні паднялосё, а сусетка нацерла, усё паднялосё. Арцюхі Стаўб. Бегаць (пра перыяд палавой актыўнасці ў жывёл). Наша карова паднялася на быкі. Ляшчынск Мядз. У нас ці карова, ці авечка, усё роўна кажуць: паднялася. Ігрушка Круп. Сьвіньня на парсюкі паднялася. Малмыгі Віл. Гора мне было, як сьвіньня пад кныра паднялася. Рудня Лаг. Карова паднялася пад быкі. Ужо каторы раз! Бяларучы Лаг. ◊ Падняцца на ногі — падрасці, набрацца сілы. Як на ногі паднялася, дык служыць пашла. Папоўка Мядз. ПАДНЯЦЬ зак. ◊ Падняць вочка (у панчосе, вязаным вырабе) — паправіць, умацаваць. Не падыміш вочка, пойдзя аш уверх. Ігрушка Круп. Падняць на крыло — заставіць узняцца (пра птушак). Адным выстралам падняў качак на крыло. Бытча Барыс. Як падняць — цяжкае, важкае што-н. Бывала, звараць саган як падняць заціркі ячнай і елі, аш насы гнуліся. Радашковічы Маладз. ПАДОБАЦЦА незак. Падабацца. Яны ш мне ня падобаюцца. Дукора Пух. ПАДОЙНІК м. Даёнка. У падойніку ваду я не нашу, у яго толькі малако даю. Пудзіцк Пух. Купіла сёньня новы падойнік. Нізок Уздз. ПАДОЛАК м. Ніжні край сукенкі, кашулі, спадніцы і пад. Увесь падолак змок, пакуль дабіралася. Суднікі Стаўб. ПАДОНАК м. Заал. Глыбакаводны шчупак (Esox lucius). Жоўты, таўсты, кароткі шчупак — гэта йначай называюць падонак, падонак па дне ходзіць. Рудня Чэрв. ПАДОННЕ н. Рэшткі вадкасці з асадкамі на дне пасудзіны. Дасьць яна паесьці чалавеку, уга! Падоньня халоннага з гаршка пасьля абеду нальле, а ён натта там разьбярэ — вечна ш па сталоўках. Дукора Пух. Я не хачу падоньня есьці, дай чаго смачнейшага. Пудзіцк Пух. ПАДОННІКІ мн. Дашчаны насціл у санях. Пасьцелюць падоньнікі ў санях, палажыў сена ці саломкі пад калені, сеў і паехаў сабе куды нада. Ляшчынск Мядз. ПАДОРВАНЫ прым. Хворы на грыжу. Падорваны конь дужа слабы. Малмыгі Віл. ПАДОРВАЦЬ незак. Акучваць. Цэлы дзень падорвалі карторлі. Дрычын Пух. ПАДОЎЖНІК м. Дошка, якой закрываюць бакавы ўваход у стаячы або ляжачы вулей. Падоўжнік у адным вулеі рассохся, вось-вось пераломіцца, трэба выразаць новы. Вецярэвічы Пух. ПАДПАВЕТАК м. Павець. У патпаветак мы дровы складаем, а як ёсьць свабоднае места, дык зяць яшчэ і матоцык свой ставіць. Рубяжэвічы Стаўб.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
77 👁
◀ / 290 ▶