ДЗІНАТУРА ж., ДІНАТУР м. Дэнатурат. Дзінатуру прынасілі. Ад дзінатуры быў аслепшы. Ахрэмаўцы Брасл. Купіла дінатуру скурку осмаліті. Курашэва Чыж.
ДЗІНГЕЛЬ гл. ДЗЯГЯЛЬ
ДЗІНДЗІЛІНЕ м. і ж. экспр. Той, хто многа гаворыць. Чычалі Швянч.; параўн. літ. dzindzilŷnė 'тж'.
ДЗІНДЗЯЛЕЙ м., ДЗІНДЗІЛЕЯ, ДЗЫНДЗЫЛЕЯ ж. Чыстацел. Дзіндзялей ад скул. Рыбчына Віл. Дзіндзілея каля плоту расце. Жылі Іўеў. Дзындзылея цвіце жоўтым. Крэва Смарг.; параўн. літ. cindalijà 'тж'.
ДЗІНДРА ж. Акаліна. Дзіндра ад залеза адлятая ў кузні. Быстрыца Астр. Як куеш, ад жылеза дзіндра ляціць. Ахрэмаўцы Брасл.
ДЗІНДРЫЦЦА незак. Пакрывацца акалінай. Жалеза дзіндрыцца, як нагрэіцца. Ахрэмаўцы Брасл.
ДЗІПУТАТ гл. ДЗЕПУТАТ
ДЗІРА, ДЗЮРА, ДЫРА ж. 1. Адтуліна, шчыліна. Дзіра ў жарнавым камені ест. Новікі Гродз. Дзіру прасеклі ў лёдзе. Кіралі Шчуч. Дзюра была на коміне. Там дзюры ёсць. Ёдлавічы Брасл. Дзюра тут, ня лесь, правалісся! Рагулішкі Даўг. Дзюру закладзі, кап не лазілі ў гарот куры! Кураполле Паст. Праз дзюру ўлес. Жодзішкі Смарг. Дуя с той дзюры. Жылі Іўеў. Дзюра мнейшая. Паляцкішкі Воран. Бывала, колюць свіню ў шыю, затыкаюць дзюру. Старыя Смільгіні Воран. Куры ў гарот лезуць, трэба дзюру забіць у плоце, а то яны праз дзюру лазяць. Праз гэту дзюру дым ідзе. Гемзы Шальч. Дзюра прасвідравана. Грыкені Вільн. Выб'е дзюру ў калодцэ — і ступа. Беняконі Воран. Дыр много. Смаляніца Пруж. 2. Дзірка ў адзенні. Свеціцца спадніца, дзіра будзе. Новікі Гродз. Дзюра вялікая прадралася. Солы Смарг. 3. Прамежак. Кіненая дзюра между сцяной і печчы. Гемзы Шальч. 4. Прарэшак (для гузіка). Дзюра, куды ўдзеваюць гузікі. Грыкені Вільн. ◊ Дзіры на дзірах — увесь у дзірках. Вялікія Баяры Шчуч.
ДЗІРАВЫ, ДЗЮРАВЫ прым. Дзіравы. Даўней адны чаравікі — і тыя дзіравыя. Валынцы В.-Дзв. Дзюравы стол. Магуны Паст. Дзюравы збанок, выцікаіць малако. Ністанішкі Смарг. Штаны дзюравамы сталі. Ахрэмаўцы Брасл. Шпунтом затыкаюць бочку дзюравую. Старыя Трокі Трак.
ДЗІРАВЯШКІ, ДЗЯРАВЯШКІ мн. Абутак на драўлянай падэшве. Я сама хадзіла ў школу ў дзіравяшках. Валынцы В.-Дзв. Даўней дзяравяшкі насілі: дзяраўляную падэшву абаб'юць скурай і хадзілі так. Ракаўскія Швянч.
ДЗІРАГА ж. бат. Дзераза. У лесе расце дзірага. Кемялішкі Астр., Ністанішкі Смарг. Дзірага ў лесі расце, па зямлі сцеліцца. Солы Смарг.
ДЗІРАЗА гл. ДЗЕРАЗА
111 👁