БРУЖМЕЛЬ м. Тое ж, што і браждж́эль. Бружмель не ламаецца, з яго рабілі пруткі ў чаўнок. Рудня Чэрв. Бружмель расце кустом, цвіце сіненькім цвятком, ягады крэпкія, аш чорныя. Ухвала Круп.
БРУЗГАЦЬ незак. Несці лухту. Брузгаіць што папала без пуця. Лісна В.-Дзв.; параўн. літ. bruzgėti 'бразджаць'.
БРУЗДУКЕЛЬ гл. БРУЗУКЕЛЬ
БРУЗЕНТАВЫ прым. Брызентавы. У брузентавых мяшкох возяць масла. Лысавічы Мін.
БРУЗУКЕЛЬ, БРУЗДУКЕЛЬ, БУРЗУКЕЛЬ м. 1. Тое ж, што і бронцік. Брузукель ушыла ў гаці, ён у сярэдзіне прарэзаны. Некалі рабілі такія гузікі. Старыя Смільгіні Воран. Колькі ты бруздукляў тут нашыў? Граўжышкі Ашм. Калісь з ляшчыны бурзуклі рабілі. Помню дзет бурзукель харошы зрабіў. Жылі Іўеў. Бурзуклі — бронцікі такія да гацей ушываліся. Старыя Трокі Трак. 2. Бірка для падвешвання сала. Быў брузукель дзеравянны і вяровачка звіта, і вешалі саланіну. Старыя Смільгіні Воран. 3. Вертыкальны шпянёк у жорнах, на які насаджваецца верхні камень. Ест брузукель дзеравяны, што жорны падымая. Старыя Смільгіні Воран. 4. толькі мн. брузуклі. Палкі ці кацёлкі, на якіх падвешваецца ніт у кроснах. Нічальніцы падвешаны на брузуклях. Старыя Смільгіні Воран.; параўн. літ. brūzūklis 'тж' (ЛТ, 168).
БРУЗЯНТОВАЧКІ мн. Туфлі з брызенту. Брузянтовачкі купіў табе. Кураполле Паст.
БРУІЦЬ незак. 1. Струменіць, цячы. На салё вада бруіць і бруіць. Бакшты Іўеў. 2. Хвалявацца, рабаціць. Возіра стаіць і чуць-чуць бруёк бруіць. Ахрэмаўцы Брасл.; параўн. польск. bruić 'мачыцца' (СВ, I, 212).
БРУЙ м. Хваляванне, рабізна. Бруй на возеры бываіць — быта волначка ідзець. Ахрэмаўцы Брасл.
БРУК м. 1. Маставая з камення. Як бруку не было, дошч пойдзя — мокро, гразь. Альхоўцы Лях. Ён на бруку ляжаў. Ахрэмаўцы Брасл. 2. мн. бруке. Цвёрды грунт паміж вадаёмамі. Бліска Кудры — лух Агелік, а паміж імі — бруке. Вострава Маст.; параўн. польск. bruk 'тж'.
БРУКАВАНЫ дзеепрым. Укладзены каменем. У нас брукавана дарога. Быстрыца Астр.
БРУКАВАЦЬ незак. Укладаць каменем (дарогу, вуліцу). Там брукуюць дарогу. Быстрыца Астр.
БРУКАВІЗНА зб. ж. устар. Беззямельныя сяляне. Брукавізна — беззямельнікі, калісь так звалі беззямельных людзей. Семежава Кап.
БРУКАВКА ж. Цацка, бразготка. Брукавка бручыт. Курашэва Чыж.
БРУКАР м. Брукаўшчык. Брукары згадзіліся і капаюць дарогу. Быстрыца Астр.
74 👁