ЗУБ ВАСТРЫЦЬ на што. Гл. ТАЧЫЦЬ (вастрыць) ЗУБЫ (зуб) на каго, на што. Знач. 2.
ЗУБ ГАРЫЦЬ на каго, на што. Мець жаданне набыць што, імкнуцца авалодаць чым, кім. Ой, якая харошая дзеўчына Ясёнкава! Я сёньня яе бачыў. Проста зуб гарыць на яе, трэба як падмазвацца. Міл., Маст. р. У міне зуб гарыць на гэто лошко, як гэто будзя купіць. Можа ты мне дасі трохі грошай? Сав., Стаўб. р. Даўно зуб гарыць у міне на Антосяву хату, каб былі грошы, купіла б і ўсё. Жац., Стаўб. р.
ЗУБ ЗУБА ПАГАНЯЕ. Дрыжма дрыжаць (ад холаду). Халадаўня ў хаце, ў печы ні паляць, некалькі тарфін у стаячок кінуць, зуб зуба паганяе. Пр., Стаўб. р.
ЗУБ НА ЗУБ НЕ ПАПАДАЕ. Дрыжма дрыжаць (ад холаду). На дварэ холадно, а я лёхко адзета, зуб на зуб ні пападае. Сав., Стаўб. р. Зьмерзла, пакуль дабралася с тых Стоўпцаў. А вецяр, а марос, што ні вытрымаць. Палезу на печ, трохі адагрэюся, бо зуб на зуб ні пападае. Там жа. У хаця гэдак ужо холадна, што зуб на зуб ні пападаець. Муц., Мядз. р.
ЗУБЫ ЗАГАВОРВАЦЬ каму. Гл. ЗАГАВОРВАЦЬ ЗУБЫ каму.
ЗУБЫ З'ЕСЦІ на чым. Мець вялікі вопыт у якой рабоце, справе. Ты хочаш з Раінай справіцца (лён слаць). Яна ўжо зубы зьела свае і трое робленых на гэтым дзеле. Бял., Лаг. р. Папрасіла Юзіка Манінаго сьвіню закалоць. Ото спрытно ў яго выходзіць: во як табе кажу, парэзаў сало, пасек мяса, злажыў, злажыў — і гатово. Чалавек зубы зьеў на гэтум! Сав., Стаўб. р. Дзіво, што Шашко ўмея! Ён жа быў калхозным садаводам, ён табе любую яблыньку, любую вішаньку ўшчэпіць, чалавек мае вялікую практыку, зубы зьеў на гэтум. Там жа.
ЗУБЫ НА ПАЛІЦУ (палажыць). Цярпець галечу, голад; адмаўляць сабе ў самым неабходным. Былі гады, што жылосё нічого, а было й так, што хоць зубы на паліцу. Сав., Стаўб. р. Як прыдзя вясна, хоць зубы на паліцу, жмені мукі ў хаці ні было. А цяпер сала ні ядуць. Вот жыцё настало! Там жа. Пакуль аставалася трохі грошай, куплялі хлеп, а потым хоць зубы на паліцу, такая жытка была. Кунц., Кл. р. Послала ёму Онтося трысто рублёў, а вун прокрутыў іх за дэсэть дніў, а тэпэра зубы на полыцу хай кладэ, бо матка нэ в сылах бульш посылаты. Вел., Пін. р.
117 👁