Старонка 28
◀ / 350 ▶
лавы думкі аб загранічных красунях, у сваім краі пастараюся знайсці сабе таварышку жыцця; а з гэтага часу не так лёгка дамся запутацца ў іхнія сеткі. [Навум:] Эге! Знаеш прыказку: хто апарыцца на малацэ, той і на ваду дзьмухае (В.Дунін-Марцінкевіч. Сялянка). АПЁКСЯ НА МАЛАЦЭ, ДЫК І НА ХАЛОДНУЮ ВАДУ ДЗЬМУЦЬ БУДЗЕШ. [Несцерка:] Вядома, у страху вочы вялікія. Апёкся на малацэ, дык і на халодную ваду дзьмуць будзеш (В.Вольскі. Несцерка). АПЁКШЫСЯ МАЛАКОМ, ВАДУ СТУДЗЯЦЬ. Цяпер мы без патрэбы разглядаем свае авіяцыйныя білеты, хоць яны ўжо і зарэгістраваны. Праўду кажуць: «Апёкшыся малаком, ваду студзяць». Так і мы (С.Грахоўскі. Дзе ўзыходзіць сонца). — Насовіч: Абпарыўшысь на малацэ, і на ваду студзіш; Федароўскі: Апарыўшыся на малацэ, то й на ваду падмухаеш; Прыказкі: Апёкшыся на малацэ, і на халаднік студзіць будзеш; Хто на малацэ апарыўся, той на халодную ваду дмухае. АПУСКАЙСЯ, КУМЕ, НА ДНО. Пра бесперспектыўнасць у якой-н. справе. Стой, брат, падумай: а можа, гэта і не так, можа, ты яшчэ здолен на нешта патрэбнае людзям. «Апускайся, куме, на дно»... Не, гэта прыказка... Покі носяць цябе ногі, ты нешта рабі, рабі тое, што трэба людзям... (Я.Колас. На схіле дзён). НЕ ТРАЦЬ, КУМЕ, СІЛЫ, СПУСКАЙСЯ НА ДНО. [Голас з рэпрадуктара:] Шаноўныя грамадзяне! Хто дабіваецца неўміручасці, павінен прадставіць аналізы... Просьба прадставіць яшчэ характарыстыкі з месца працы. Хто ўсяго гэтага не зможа прадставіць, просьба не падаваць заяў, не ўскладняць работу Камітэта па справах неўміручасці. [Адзін з чаргі:] Словам, не траць, куме, сілы, спускайся на дно (К.Крапіва. Брама неўміручасці). — Прыказкі. Пускайся, куме, на дно — не траць дарам часу; Янкоўскі. Не траць сілы, спускайся на дно. АРЖАНАЯ КАША САМА СЯБЕ ХВАЛІЦЬ. Гаворыцца з насмешкай пра таго, хто сам сябе хваліць. «Аржаная каша сама сябе хваліць, — едучы думаў Рагуля. — Выхваляўся [Абрамчык], што адзіны за мяжою прадстаўнік бацькаўшчыны...» (І.Гурскі. Чужы хлеб). ЛЮБІЦЬ АРЖАНАЯ КАША САМА СЯБЕ ХВАЛІЦЬ. Яўхім побач з ёй [Ганнай] таксама пацягнуўся за ягадай. — Усё-такі з памочнікам спарней! — Гледзячы, які памочнік!.. — А хіба — паганы? — паспрабаваў ён пажартаваць. — Добры, значыцца!... Любіць аржаная каша сама сябе хваліць! (І.Мележ. Людзі на балоце). — Насовіч: Аржаная каша сама сябе хваліць; Раманаў. Усякая каша сама сябе хваліць; Прыказкі: Аржаная (грэцкая) каша сама сябе хваліць. АРЛУ З САВОЙ НЕ ПА ДАРОЗЕ. Пра адсутнасць адзіных поглядаў, імкненняў і пад. у каго-н. з кім-н. Сін.: Воўк казе не таварыш; Гусь свінні не таварыш; Пешы коннаму не таварыш (у 2 знач.), — Чуеш, Зорах? Больш з табой ніякіх спраў мець не хачу. Арлу з савой — не па дарозе. А калі толькі ўздумаеш размяняць на залатыя імперыялы маю галаву, дык во, глянь... — Ціхан выцягнуў з халявы востры нож і бліснуў ім перад тварам Зораха (З.Бядуля. Разбойнік Ціхан). — Янкоўскі. Арлу з савою не па дарозе. АЎЧЫНА ВЫРАБУ НЕ ВАРТА. Гл. Не варта шкурка вырабу. АХВОТА ГОРШ ЗА НЯВОЛЮ. Тое, што чалавеку па душы, ён робіць ахвотна. Кажуць, калі бяруцца за што-н. складанае, цяжкае не па абавязку, а дабравольна і ахвотна. — Летам яшчэ не бяда, а вось калі б такое [дождж] восенню... — Бывае і восенню. Нездарма ж кажуць, што ахвота горш за няволю. І перамерзнеш, і перамокнеш [на рыбалцы], а
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
77 👁
◀ / 350 ▶