рова тая?! [Федзя:] Ад прыбытку ж галава не баліць. Я і свіней сёлета больш пусціць думаю (І.Козел. Над хвалямі Серабранкі).
— Насовіч: З прыбылі галава не баліць; Прыказкі: З (ад) прыбытку галава не баліць.
АДРЭЗАНАЕ (-АЙ) ЛУСТЫ НЕ ПРЫКЛЕІШ (НЕ ПРЫЛЕПІШ) Таго, што было, назад не вернеш. Яму [Кірылу] не хацелася верыць, што Зоська збегла назусім. Шабрэндае па свеце ды і вернецца. Але цесць пад самы корань падсек яго веру. — Я так думаю, зяцёк, адрэзанае лусты не прыклеіш. Таму і прыйшоў да цябе. Трэба нам палічыцца (А.Асіпенка. Кірыла Уласік). Вывучылася [дачка] на швачку, працуе ў Бабруйску. Адрэзанай лусты не прыклеіш. Дома засталіся мы з жонкай, меншая Святлана, ды неўзабаве сын з арміі прыйшоў (В.Шырко. Прадчуванне свята).
— Федароўскі: Адрэзанай лусты не прылепіш; Янкоўскі: Адрэзанае лусты не прылепіш.
АД СМЕРЦІ НЕ АДКУПІШСЯ. Пра непазбежнасць і няўмольнасць смерці.
Сін.: Дзвюм смерцям не бываць, <а> адной не мінаваць (у 1 знач.); Круці не круці, а трэба памерці; Смерць не ручаінка — не пераскочыш. Ад смерці не адкупішся, — кажа прыказка, бо ўсё роўна: круці не круці, дык прыйдзецца ўмерці (К.Крапіва. Беларускія прыказкі). Усё роўна паміраць. Раней ці пазней. Ад смерці не адкупішся... (Л.Левановіч. Апошні аўтобус).
* Горай за ўсё гэта тое, што перад смерцю мы бездапаможныя і слабыя і не маем спосабу адхіліць яе ад сябе або хоць аддаліць час яе прыходу. Ад яе не адмолішся, ад яе не адкупішся нічым (Я.Колас. На ростанях).
— Федароўскі. Ад смерці не адкупішся і не адпросішся; Прыказкі. Ад смерці не адкупішся: Ад смерці не адмолішся.
АД СУМЫ І АД ТУРМЫ НЕ АДРАКАЙСЯ. Гл. Ад торбы (ад сумы) і ад турмы не адракайся.
АД ТОРБЫ (АД СУМЫ) І (ДЫ) АД ТУРМЫ НЕ АДРАКАЙСЯ (НЕ ЗАРАКЛАСЯ) Нельга быць упэўненым, што цябе не напаткае бяда, няшчасце і пад. — Ні салдатам, ні арыштантам не хочаш быць, — заўважыў Лабановіч. — А я, брат, жыву па прыказцы: ад торбы і ад турмы не адракайся (Я.Колас. На ростанях). — Мала што можа здарыцца. Не хачу я на старасці год ісці з торбамі па свеце... — Мама! Ад сумы і турмы не заракайся (І.Гурскі. Чаму ж мне не пець). Прыйшла ў галаву [Ніне] прымаўка: «Ад сумы ды ад турмы не заракайся». Вось і яна, можна сказаць, у турме. І бацька некалі так сядзеў... (Л.Арабей. Халодны май). На той час ужо адбылося судовае паседжанне, ужо быў «састаў злачынства», ужо трэба было чакаць выканаўчы ліст на чатырыста восемдзесят адзін рубель восемдзесят чатыры капейкі... Не, нездарма людзі кажуць: ад сумы і турмы не заракайся (А.Кажадуб. Стрэчанне).
* Ах, мілая, вы так далёка ад ісціны вядомай той: ад торбы ды турмы няўрокам не абаронены ніхто (А.Звонак. Жанчына, мілае стварэнне...). Можа. і пляменнікі таксама пазайздросцяць [Ісаку], бо невядома яшчэ, да чат давядзе тая іх класавая барацьба. Можа, да сумы, а можа, і да турмы... (В.Быкаў. Сцюжа).
— Прыказкі. Ад турмы і ад торбы не адчурайся; Ад турмы і ад сумы ніколі не адказвайся; Сумы і турмы ніколі не заракайся.
АДТУЛЬ ГОРАЧА, АДСЮЛЬ БОЛЯЧА. Гл. </> адтуль горача, </> адсюль боляча.
85 👁