вум:] Ды я ж Навум, войт тутэйшы... Чаго ж ты чураешся цяпер ад мяне? Знаеш прымаўку: любіў добрае, палюбі ж і злое (В.Дунін-Марцінкевіч. Сялянка).
— Насовіч: Любіў добрае, цярпі ж і злое; Прыказкі: Любіў добрае, палюбі ж і злое.
ЛЮБІЎ КАТАЦЦА, ЛЮБІ І САНАЧКІ ВАЗІЦЬ. Гл. Любіш катацца, любі і саначкі вазіць.
ЛЮБІЎ РАК ЖАБУ, АЖ ВОЧЫ ВЫЕЎ. Кажуць з недаверам пра таго, хто на словах любіць ці шкадуе каго-н., а на самой справе гатовы падмануць яго, нашкодзіць яму. Сін: Пашкадаваў воўк кабылу <пакінуў хвост ды грыву>. Журналіст зарагатаў, яшчэ мацней абшчаперыў Тоньку. «Любіў рак жабу, аж вочы выеў», — падумала баба Зося (А. Кажадуб. Высока сонеўка, высока).
—Прыказкі: Любіў рак жабу, аж вочы выеў.
ЛЮБІЦЬ АРЖАНАЯ КАША САМА СЯБЕ ХВАЛІЦЬ. Гл. Аржаная каша сама сябе хваліць.
ЛЮБІШ КАТАЦЦА, ЛЮБІ І САНКІ ВАЗІЦЬ. Непазбежна прыходзіцца расплачвацца за тое, што было зроблена з ахвотай, з задавальненнем. Гаворыцца, калі ўзнікаюць непрыемнасці, выкліканыя чыімі-н. ранейшымі дзеяннямі. [Калібераў:] Любіш катацца, любі і саначкі вазіць. Сцеражыся, Моцкін (А.Макаёнак. Выбачайце, калі ласка). ЛЮБІЎ КАТАЦЦА, ЛЮБІ І САНАЧКІ ВАЗІЦЬ. — Усю не ўсю [вёску], а трохі прарэдзім, — ужо зусім павесялеў Змітро Шламак — Пры адной уладзе адны жылі, цяпер другія няхай пажывуць, А як жа — любіў катацца, любі і саначкі вазіць. — Але ж гэтак усіх без разбору ў спісы... — ніяк не мог супакоіцца Апанас Харчэня (Б.Сачанка. Вялікі Лес).
* [Старая:] Сур'ёзны ён быў, самастойны і добры. Ён і цяпер добры. [Стары:] На добрых ваду возяць. Хопіць! Кончылася дабрата. Не-е! Любіш катацца — вазі саначкі! Во як! Павазі. У турме (А.Макаёнак. Кашмар). Свае работнікі аўтакалоны таксама любяць катацца, але не любяць санкі вазіць, у даным выпадку — плаціць за выкарыстанне дзяржаўнага транспарту для асабістых патрэб (Вожык. 1985. № 13).
— Ляцкі: Любіш ездзіць, любі саначкі вазіць; Янкоўскі: Як любіш катацца, то любі й саначкі вазіць; Прыказкі: Любіш катацца, любі і саначкі вазіць (цягаць).
ЛЮДЗЕЙ (ДРУГІХ) СЛУХАЙ, А (ДЫ) СВОЙ РОЗУМ МАЙ. Хоць чыя-н. парада і не зашкодзіць, але трэба трымацца сваіх поглядаў, быць самастойным у сваіх дзеяннях, учынках. — Як сабе хочаце, сват, параіць я вам тут нічога не магу, — сказаў Каржакевіч. — Як той кажа, людзей слухай, ды свой розум май (К.Крапіва. Мядзведзічы). — Ды я і не пайшла б туды [санітаркай у бальніцу] — Ільюша ўсё... — Ільюша... А ў цябе галава на плячах ёсць? Яго слухай, а свой розум май (П.Місько. Сітус інверсус). — Як добра, тады толькі хваляць. А як бяда, тады кажуць: а што, ці я табе не казала? — Людзей слухай, ды свой розум май... (У.Дамашэвіч. Камень з гары). ДРУГІХ СЛУХАЙ, А СВАІМ РОЗУМАМ ЖЫВІ. — Прапанавалі, і я, дурань, паслухаўся. — Ведама ж, як кажуць людзі: другіх слухай, а сваім розумам жыві, — прабубніў Даніла (В.Быкаў. Круглянскі мост). У ЛЮДЗЕЙ ПЫТАЙ І СВОЙ РОЗУМ МАЙ. Кажуць людзі: у людзей пытай і свой розум май. А гаспадарку яна [нявестка], ведзьма, вядзе, дык толькі крый ты божа! (З.Бядуля. Летапісцы).
— Насовіч: Людзей слухай, а свой розум май; Ляцкі: Другога паслухай і свой розум мей; Прыказкі: Людзей слухай, а сваім розумам жыві; У людзей пытай, ды свой розум май.
79 👁