жыну, Дый парэзаў, а з скур нашых Сабе баграніцу пашыў жыламі тугімі (Я. Купала. Сон – Зб. тв., V, 340–341).
Бадана [ст.-руск. бадана, бодана] ж. Татарская кальчуга. І ўвесь ён [ганец] быў як ахутаны шчыльнай татарскай кальчугай – баданай (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 97).
Базілеўс [гр.] м. Цар. ..адзін Васіль у Царградзе, другі ў Кіеве, там папы, тут папы, ён [князь] на роўных з грэчаскім базілеўсам, а яе, яе [Рагнеду] саштурхнуў ён у бездань невядомасці (К. Тарасаў. Тры жыцці княгіні Рагнеды – ТЖ, 89). – Бяры срэбра і золата... У мяне шмат усяго... Бяры вось гэтыя пацеркі з жамчужынамі-зоркамі. Такія не насіла жонка рамейскага базілеўса (Л. Дайнека. След ваўкалака – МКВ, 385).
Базыльянцы мн. Ордэн каталіцкай царквы з праваслаўнымі абрадамі, які дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі з XVII да першай паловы XIX ст. (паводле ўказу Мікалая I у 1827 г. кляштары базыльянцаў былі ліквідаваны; у цяперашні час ордэн базыльянцаў існуе ў Еўропе і на Бліжнім Усходзе, на Беларусі базыльянства не адрадзілася); манахі гэтага ордэна. – Іш, які дзед, – памысьліў Архіп, – не дарма ж назьбіраў поўную багаўню богамаленных кніжак, не дарма ж і ў базыльянцаў некалі вучыўся у Мсьціслаўлі (М. Гарэцкі. Роднае карэньня – Р, 73).
Базыльяне [ст.-бел. базылианинъ, базилианинъ, базилиянинъ – член уніяцкага ордэна Святога Васіля] мн. Тое, што базыльянцы. ..некалі нам манах Іясафат з базыльянаў на памяць [лацінскія прамудрасці] вучыць загадваў (У. Арлоў. Міласць князя Гераніма – ПМЛ, 169).
Байбэрак [ст.-руск. баиберекъ, бамберекъ, банберекъ] м. Тканіна з кручанага шоўку, з залатым ці срэбраным узорам або гладкая. Жывена атрымала ад аканома разам з кавалкам дарагой тканіны строгі загад быць у царкве і не магла запярэчыць, хаця ёй давалося амаль цэлую ноч сядзець над жалобным уборам, робячы вялікую чорную накрыўку з падоранага байбэрэка – кручанага шоўку (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 178).
Байдак [ст.-бел. байдакъ, бойдакъ] м. Тып рачных і марскіх промысловых суднаў, звычайна з мачтай; барка. Шырокі Дняпро гайдаў на хвалях сваіх чароды барлін і байдакоў (Х. Шынклер – ТСБМ, I, 327). Уздоўж байдака Ізноў пахаджае Пан атаман (Я. Купала. Іван Падкова – Зб. тв., IV, 477). ..дзядзька мой загадаваў пабудаваць байдак, на каторы паставілі 4 коней, гэтулькі сама кароў і ў прапорцыі рознай іншай гаспадаркі, з патрэбнай мерай корму, а ў каюты памясцілі паноў і слуг, ну і паплылі, як у каўчэзе Ноя (гэта тады называлася, што падарожжа нічога не каштуе) (А. Абуховіч. Мемуары – Зан., 515).
Бакалаўр [ст.-бел. бакаларъ, бакаляръ, бокаларъ, боколаръ – 1. Бакалаўр. 2. Школьны настаўнік] м., адрадз. Даўней у заходнееўрапейскіх
86 👁