Скіфы мн., адз. скіф, м. Агульная назва розных качавых плямёнаў, якія насялялі Паўночнае Прычарнамор'е ў VII ст. да н. э. – III ст. н. э. Можа гэта казка ці паданне Нашай фантастычнае зямлі... Паміж стэпаў у стагоддзях даўніх Скіфы легендарныя жылі (П. Панчанка – ТСБМ, V, 169). Колькі народаў прайшло, пракацілася па гэтым стэпе! Скіфы, хазары, угры, торкі, печанегі... (Л. Дайнека. След ваўкалака – МКВ, 489).
Склавіны (славіны) мн. Старажытны славянскі саюз плямёнаў, які сумесна з іншымі плямёнамі вёў войны супраць Візантыйскай імперыі і качэўнікаў. [Васіль:] – Ці помніце, што адказваў аварам правадыр склавінаў Даўрыт? Нешта накшталт таго, што не нарадзіўся яшчэ на свеце чалавек, які падпарадкаваў бы сабе сілу нашу (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 202). Склавіны ўпартыя, але ўмеюць трымаць слова (там жа, 146). Як балгары прынеслі склавінам і антам толькі назву будучай дзяржавы, так і літоўцы: «Літва», «Вялікае княства Літоўскае» (У. Караткевіч. Зямля пад белымі крыламі – ЗБК, 116).
Складар м. Кладаўшчык. ..праз высокія вокны раз-пораз даносіліся галасы вагаўшчыкоў і складароў, што адкрывалі клеці і купецкія канторы, перагаворваючыся між сабой (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 550).
Склюд м. Сякера (баявая). А камандзір варты – статны, магутны пахолак у кальчузе, з баявым склюдам – сякерай, прымацаванай да тоўстага скуранога паса з бронзавымі пласцінкамі-акоўкамі, стаяў, як закамянелы (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 542–543).
Скоец м. Манета. – Гэты ісцінстваваць не будзе, – сказаў Грыміслаў. – Для яго ёсць дзве очыны. Адну ён прадасць, але за другую зубамі будзе трымацца, глоткі грызці за свае скойцы (У. Караткевіч. Чорны замак Альшанскі – ЧЗ, 131).
Скорапіс м. Хуткае злітнае (у адрозненне ад устава і паўустава) пісьмо ў старажытных рукапісах. Варта адзначыць.., што замена ўстаўнога пісьма скорапісам раней за ўсе адбывалася ў дзелавой пісьменнасці (А. Булыка – ТСБМ, V, 178).
Скрайні, прым. Крайні. Стоячы на прыпёку, каля сьцяны скрайняга дому, яны мужык і жонка любаваліся веснавым разбудлівым бруненьнем Нямігі (К. Юхневіч. Спадарства Калочкі – К, № 5–6, 76).
Скрыпіцель м. Скрыпач, музыка. Скрыпіцелі загудзелі, Дружкі весела запелі (В. Дунін-Марцінкевіч. Гапон – Тв., 197).
Скрыпторый [ад лац. scriptor – пісар] м. Сярэдневяковая майстэрня па вырабе рукапісных кніг (былі пашыраны ў Еўропе ў VI–XV стст.). Каб заняць час, ішла [Жывена] у бібліятэку – адзін з продкаў Нікіфара купляў кнігі ў скрыпторыі, дзе іх перапісвалі для імператарскай біб-
77 👁