Старонка 401
◀ / 658 ▶
Пахолак [ст.-бел. пахолокъ, пахолекъ, пахоликъ – слуга, салдат; польск. pacholek] м. Воін, ландскнехт; слуга, вернападданы. А камандзір варты – статны, магутны пахолак у кальчузе, з баявым склюдам – сякерай, прымацаванай да тоўстага скуранога паса з бронзавымі пласцінкамі-акоўкамі, стаяў, як закамянелы (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 542–543). ..князь, паволі наліваючыся пякельным, страшным гневам, таксама глядзеў на пахолка (там жа, 543). [Маці:] – А пасля сваіх пахолкаў узяў ды з гакоўніцамі пана Богуша падсцярог (В. Іпатава. Чорная княгіня – Пр., 124–125). Лінгевін адразу ж апрануў баявыя даспехі, узяў шчыт, кап'ё і сякеру, ускочыў на каня, што падвялі ордэнскія пахолкі (Л. Дайнека. Жалезныя жалуды – ЖЖ, 207). Пахула ж. Ганьба, няслава. І сказалі баяры князю: «Ужо ўзнялася над хвалай пахула, ужо ўссела насілле над воляй і ўжо ўрэзаўся Дзіў на зямлю» (Я. Купала. Слова аб палку Ігаравым – Зб. тв., V, 241). Пацір [гр. potēr – чаша, кубак] м. Літургічны посуд для прычашчэння ў выглядзе чашы на высокай складанапрафіляванай ножцы з падножжам, выраблены з каштоўнага металу (вядомы з II ст.). Промні сонца, час ад часу прабіваючыся скрозь густыя хмары, выблісквалі на залатых крыжыках, што ляжалі ля алтара, чашы і паціра, дараносіцы, а таксама на жалезных даспехах рыцараў (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 60). Дараносіцы, паціры, крыжы напрастольныя, падвескі, брацінаы, каўшы. Эмалі, чаканка, чэрнь – у вачах рабіць (У. Караткевіч. Чорны замак Альшанскі – ЧЗ, 253). Пацяты, прым. у значэнні наз., м. Забіты. І скажа Ігар тут дружыне сваёй: «О брацця й дружына! лепей жа быці пацятаму, чым быці ў палоне» (Я. Купала. Слова аб палку Ігаравым – Зб. тв., V, 236). Пачынак м. Хата ў лесе. Час той прыйдзе, І скора прыйдзе. Стане моцным канём жарабятка, І на гэтым кані я паеду Да пачынкаў і хат сялянскіх (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, І, 21). Акрамя пілігрымаў былі тут рамеснікі з поўначы.., найміты, разлічаныя па заканчэнні жніва, моладзь з пачынкаў, шкаляры, але галоўную частку гурмы складалі ўцекачы з разоранага, выпаленага татарамі поўдня і сярэдзінных земляў Белай Русі (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 282). Пашквіль [польск. paszkwil] м. Пасквіль. О, недаверак, шэльма, гіцаль! Так напісаць, такі пашквіль. Хоць ты хавайся за граніцу Або ўцякай за многа міль (Я. Колас. Рыбакова хата – Зб. тв. у 12 т., VIII, 175). Пашум [польск.] м. Шум, шолах, шамаценне. Лес пашумам не гамоніць, Птушак песнямі не звоніць (Я. Купала. Зіма – Зб. тв., III, 174). Пашэнціць зак. Пашанцаваць. ..увосень яму «пашэнціла» – падстрэліў на возеры пару дзікіх гусей (М. Цэлеш. Воўчым сьледам – ХБ, 193).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
78 👁
◀ / 658 ▶