Аканомскі, прым. да аканом. Тады ізноў арандаваў [бацька] фальваркі. Дзіцячыя гады я [Купала] правёў крыху панічыкам, як аканомскі сын (Я. Купала. Да Я. Ф. Карскага – Зб. тв., VII, 473). Аканомша ж. Тое, што аканомка... у немцаў амаль усе жанчыны гнядыя, а аканомша – вылітая немка (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 79). Акінф [ст.-бел. акинфъ, иакинфъ, иакинфтъ, иякинфъ] м. Каштоўны камень яхант. Жывена пазнала сярэбранае колца з зялёнай кропляй акінфа – Апфія амаль не здымала ўпрыгожанне з пальца (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 96). Аковы мн. Кайданы. З чараўніцаю зелле князь вара, З цёмнаю сілаю дружбу вядзе; Маладую ўсыпляе ён пару, Маладому аковы кладзе (Я. Купала. Песня-казка – Зб. тв., II, 288). Акольнічы м. У Старажытнай Русі – адзін з вышэйшых баярскіх чыноў; асоба, якая мела такі чын. А акольнічы Раман Бабарыкін, у якога ў свой час Нікан купіў вотчыну пад манастыр, не адну скаргу адбіў цару (В. Говар. Пялёстак і крышталь – ПК, 274). Аконам, акоман і коман м. Тое, што аканом. Аконам спачувальна крэкнуў, стараючыся зрабіць гэта як мага больш далікатна і не абразіць тонкага слыху пані (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 48). Жыў колісь пан, даўно, вядома, І быў аконам у яго (Я. Колас. Рыбакова хата – Зб. тв. у 12 т., VIII, 51). Покуль сонца ўзыдзе, Раса выесць вочы; Кепска, як аконам Лаяць, біць ахвочы (Ян Чачот. Покуль сонца ўзыдзе – Зан., 33). А вось і акоман сам Прыбег к карчме на кані (В. Дунін-Марцінкевіч. Гапон – Тв., 181). Але і коман цікун! Глядзь! усякія плахціны, То кажухі, то пярыны, На Гапона стаў кідаць, Не дзіва ж было паймаць (там жа, 178). Вось мела надзею з команам злучыцца, Памеж мужыкамі шляхецтвам хваліцца (В. Дунін-Марцінкевіч. Травіца брат-сястрыца – Тв., 336). Акругле [ст.-бел. округле – 1. У даўжыню па акружнасці. 2. У форме круга. 3. Перан. грунтоўна, дакладна], прысл. У акружнасці. – І скарб вы ў ніжняй каморы адзедзічавалі. І хата раскошная, акругле сем сажняў (У. Караткевіч. Чорны замак Альшанскі – ЧЗ, 199). Акружны м. 1. Чыноўнік, які служыў у канцылярыі акругі. ...плацілі мы земскую павіннасць ды вялікія зборы, плацілі на пасрэдніка, на праўленне, старшыням, пісарам, акружным, асэсарам – ды бог ведае, каму плацілі (У. Ліпскі. Невядомы: Аповесць пра Ігната Грынявіцкага – Н, 109). 2. Акружны суд. Раз за малым не ўсёй вёсцы прыпёрлі павесткі з акружнога аб тым, што жонка Барткава падала скаргу, што муж выгнаў яе з двора, што з другой жывець, што палавіну яе маёнтка
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
88 👁