Аз [ст.-слав. азъ] м. 1. Старадаўняя назва першай літары «а».– Аз, гаварыў ён [Саўка]. Я паўтараў. – Аз. – Букі. – Букі. – Ведзі. – Ведзі. – Глаголь. – Глаголь. (М. Цэлеш. Курылка – ХБ, 229). 2. Займеннік «я». Тайна сія вялікая ёсць: аз жа галаголю ва Хрыста і ва Цэркаў (І. Шамякін. Вялікая княгіня – ВК, 47). ◊ Пачаць з азоў – з самага пачатку, з простага, элементарнага. Як вядома, пачалі мы тут з азоў. Адна электраўстаноўка і тры пілы – вось і ўсё, што мелі спачатку (М. Ваданосаў. У Баркоўскай пушчы – ЭСФ, 136). Азіят м. (зневаж.). Грубы, жорсткі, некультурны чалавек. Ці ж чалавек ён? азіят, Душа зацятая, ліхая, Такіх паноў і свет не знае (Я. Колас – ТСБМ, І, 203). Азы мн. 1. Мн. да аз у І знач. – А што гэта: азы? – Азы, – адказваў настойліва Саўка. – А букі? – Букі. – Ведзі. Куды, каго вядзі? – Якая табе справа? – пачынаў злаваць Саўка (М. Цэлеш. Курылка – ХБ, 229). Так праходзіў я «азы» і «букі» (там жа, 230). 2. Літары. Айцоўскі, прым. Які мае адносіны да айца; бацькоўскі. Слёзы ў старога цяклі і дрыжалі айцоўскія рукі (М. Багдановіч – ТСБМ, І, 206). Акавіта [ст.-бел. оковита; лац. agua vitae – вада жыцця] ж. 1. Гарэлка, настоеная на карэннях; лепшы гатунак гарэлкі. – Набяру я мёду, налію ў карыта, падлію гарэлкі – будзе акавіта (У. Дубоўка – ТСБМ, І, 206). 2. Перан. (паэт.). Казачнае пітво, якое дае маладосць і прыгажосць; жыватворчы напітак. Вячорная цьмянасць твая, Красавік, Мой дух акавітаю поіць (П. Глебка – ТСБМ, І, 206). Акадэмік [ст.-бел. академикъ; лац. academicus] м. Студэнт. [Сабковіч]: Бацька мае да мяне слабасць, я выдумаю казку, быццам пан акадэмік баламуціць яго дачку і, хочучы маёй адправы, кідае мяне на ўсялякія бруды (В. Дунін-Марцінкевіч. Залёты – Тв., 167). Акалічны, прым. (паэт.). Навакольны. Акалічны народ гуслі знаў гусляра: Песня-дума за сэрца хапала (Я. Купала. Курган – Зб. тв., V, 73). Святочны трэба было выбраць дзень, Каб на аблаву з акалічных сёл Магло сыйсціся як найбольш людзей (М. Танк – ТСБМ, І, 207). Акалодак м. 1. Падраздзяленне пуцявой дыстанцыі. Засталося атрымаць пасаду дзе-небудзь на лініі, замкнуцца ў вузкія рамкі свайго акалодка (Х. Шынклер – ТСБМ, І, 207). 2. У царскай Расіі – падраздзяленне паліцэйскага гарадскога ўчастка. На сярэдзіне плошчы, ля голых Мініна з Пажарскім – сарамаціішча! – будачнік архангела арыштаваў ды пацягнуў у акалодак (У. Караткевіч. Зброя – ЧЗ, 307).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
102 👁