○ Вольная грамата – тое, што вольная. [Еўдакія:] – Яшчэ адно хачу папрасіць: пасля маёй смерці дай ёй [Жывене] вольную грамату (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 165).
Вомег м. Балігалоў, двухгадовая расліна з сям'і парасонавых.
◊ Вомегам вылазіць – адпомсціцца, не праходзіць бясследна. Яна ж яму сёння хацела сказаць, што балаўство яго вомегам вылазіць (М. Лобан. На парозе будучыні – ЭСФ, 77).
Ворап [ст.-руск. воропъ – нападзенне] м. Рабунак. Вестуны панеслі на каменных крэпасцях каралеўскі дазвол на ворап Маскоўскіх зямель (В. Чаропка. Храм без Бога – Хр., 142).
Ворган м. Орган. Пытаньне: як ведаць, хто вораг? На гэта ёсьць спэцыяльныя ворганы, і кожны член сацыялістычнага грамадства павінен дапамагаць ім... (М. Цэлеш. Пёрка й іншыя – ХБ, 96–97).
Восець [ст.-бел. осеть, осецъ – гумно для сушкі збожжа; польск. osieć] ж. Еўня, сушня. Сведкам таму, што не аб хрысціянстве яны [крыжакі] дбалі, было і ацалелае Перуновае капішча, і шматлікія восеці, дзе, бачна па ўсім, маліліся язычнікі – іх лёгка было пазнаць па каляровых стужках (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 357).
Востры, прым.:
○ Востры канец – месца за сталом, прызначанае для менш важных асоб. Войскі, сідзя на вострым канцы, меж стральцамі, Моўча вадзіў па сені блуднымі вачамі (В. Дунін-Марцінкевіч. Пан Тадэвуш – Тв., 446).
Вотчына [ст.-руск. вотчина, вотьчина – 1. Радзіма. 2. Спадчынае ўладанне, якое перайшло ад бацькі, ад продкаў] ж. Зямельнае ўладанне, якое пераходзіла дзецям у спадчыну ад бацькоў на Русі ў XII–XVIII стст. У тысяча семсот дзевяноста чацвёртым годзе наваспечаная прыдняпроўская памешчыца Праскоўя Зубава папрасіла ў імператрыцы дазволу здаваць сваіх магілёўскіх сялян у рэкруты замест сялян з яе разанскіх вотчын (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 163). У той жа дзень Якава і Чухому павезлі з Полацка ў загародную баярскую вотчыну (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 160). А акольнічы Раман Бабарыкін, у якога ў свой час Нікан купіў вотчыну пад манастыр, не адну скаргу адбіў цару (В. Говар. Пялёстак і крышталь – ПК, 274). [Алена:] – Наступны ўрок мы прысвяцім Вялікаму княству – яго землям, людзям, князям, якія валодаюць вотчынамі... (І. Шамякін. Вялікая княгіня – ВК, 53). [Алена:] – Аляксандр падарыў мне Браслаў. Ніводную сваю вотчыну я так не люблю! (там жа, 126). Даніла сам падасца да Батыгі, стане перад тым на калені і будзе выпрошваць права на сваю вотчыну (Г. Далідовіч. Кліч роднага звона – КРЗ, 112).
83 👁