М.Н. Крыўко
З ЛЕКСІКІ ТКАЦТВА, ПРАДЗІВА І ЗВЯЗАНАЙ З АПРАЦОЎКАЙ ЛЁНУ, ЛЬНОВАЛАКНА, ВОЎНЫ Ў ГАВОРКАХ МЁРШЧЫНЫ
Фактычны матэрыял да гэтага артыкула быў сабраны аўтарам у час дыялекталагічнай камандзіроўкі ў жніўні – верасні 1978 года па збіранні моўнага матэрыялу для "Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак", а таксама ў 1960 – 1990 гады пры вывучэнні гаворак гэтага мікрарэгіёна для напісання свайго дысертацыйнага даследавання і пры зборы лексіка-фразеалагічнага матэрыялу да "Слоўніка Дзісеншчыны". Было абследавана ў розных кутках Мёрскага раёна 50 населеных пунктаў. Матэрыял, як правіла, запісваўся ад мясцовых ткачых ці асоб, што добра ведаюць ткацкую справу і структуру кроснаў, прасніц, прыстасаванняў, якія служаць для апрацоўкі лёну, льновалакна, воўны і інш.
Тут прыводзіцца 300 моўных адзінак, якія называюць дэталі, часткі красён, калаўрота, прылады, прыстасаванні для апрацоўкі лёну і льновалакна, воўны, працэсы, звязаныя з ткацтвам, апрацоўкай лёну, словы, якія абазначаюць дзеянні, звязаныя з назвамі і іншымі працэсамі, якія называюць ткацкія вырабы, якія характарызуюць такія вырабы, якія называюць віды пражы і яе апрацоўку, якія называюць прыстасаванні для снавання кроснаў і інш.
Перш чым падаваць тэматычную моўную падборку, прывядзём апісанне падрыхтоўчых дзеянняў, што папярэднічаюць працэсу ткання, якое зышло з вуснаў прызнанай майстрыхі ткацкай справы і вышывальшчыцы з вёскі Ясёва, што на поўначы Мёрскага раёна, Аўдакеі Аляксандраўны Тамашэвіч (1916 г.н.): Укіналі ў ніты, тады ўкіналі ў бёрда. Улажылі цыны, дзве цыновачкі. Сталі навіваць на навой. Навілі гэту аснову. Тут канцы разрэзалі. Гэта бёрда снялі. Тады пачалі кідаць у ніты. Укіналі ў ніты, тады снова ў бёрда. Тады прывязываім да затыкальніка, сучым цэўкі. Да нітоў чапаім вяровачкі. Прывязываім гэтыі вяровачкі да панажоў, цэўку кладзём у чаўнак і затыкаім. І тчом палатно.
АДАРОБКА ж. Прыстасаванне, на якое намотваюць пражу. Новы Пагост, Канцэрава, Копцева І, Мётлы. На адаробку пражу маталі. Канцэрава.
АДБЕЛІВАЦЬ незак., АДБЯЛІЦЬ зак. Адбельваць, адбяліць (палатно). Палатно на сонцы адбелівалі. Новы Пагост.
81 👁