РАЗДЗЕЛ I. З ЛЕКСІКІ НАРОДНЫХ ГАВОРАК В.Л. Авілава З ЛЕКСІКІ ВЁСАК БАЯРЫ І БУРЛАКІ АСТРАВЕЦКАГА РАЁНА АБАМЛЕЦЬ зак. Самлець. Трэба на галаву што ўзяць, каб ні абамлець такой гарачынёй. Цэлы ж дзень будзіш на слонцы. АБЛАВУХ, АБЛАВУХІ м. экспр. Дурань, някемлівы чалавек. АБЛАСАВАЦЦА зак. Пачаць нешта рабіць. Куры абласаваліся ў гароччык лазіць, купаюцца там, усе кветкі павыкопвалі. АДГОН м. Самагон нізкай якасці. Як канчаіш самогонку гнаць, яна ужо слабая, мала градусаў, сівая - гэта адгон. АДЫМАЧКА ж. Кухонная ануча. Ні бярыся голымі рукамі за саган, вазьмі адымачку. АЛЬШЭЎНІК м. Альховы лес, зараснік. У альшэўніку грыбоў нарасло, Фэля цэлы кош нясла. АПАНАВАЦЬ зак. З'явіцца (і пра хваробу). А маю цыбулю рабакі апанавалі, пажаўцелаўся, сохня. АСАЛАВЕЦЬ зак. Стаць сонным (і ад гарэлкі). Асалавеў мой Паўлючок зусім, трэба спаць ісці; АСАЛАВЕЛЫ сонны. Нейкая ты зусім асалавелая сядзіш - ні выспалася, ці што? АЮСЬ! выкл. Прэч! Пайшла! (на свіней) БАБІНЕЦ м. Частка касцёла пры ўваходзе. Столькі людзей было, усю імшу ў бабінцы простаяла; ні ўбіцца ў касцёл! БАЙБАК м. Вялікі гультаяваты хлопец. От байбак вырас, нічога ні памагая, яму толькі гулі ў галаве. БАЛЯСКА ж. Драўляная дошчачка. З балясак робяць кадушкі. БАРАНА ж. Барана. Бараной глебу рыхтуюць да сяўбы. БАРАНАВАЦЬ незак. Баранаваць. Барануюць, калі трэба разраўняць падрапакаваную зямлю, ці забаранаваць ужо пасеянае збожа. БАСАЛЫГА м. Злодзей, п'яніца. От бяду мая з зяцям, такі басалыга! Адпусцілі з турмы на два дні, а ён на склад калхозны залез - цяпер ішчэ боляй дадуць. БАТАРЭЙКА ж. Ліхтар на батарэйках. Батарэйку вазьмі, як назад будзіш ісці ноч ужо будзя, на дорогу пасвеціш.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
117 👁