БЛОТНІК м. Частка веласіпеда. У маім ровары блотнікі над заднім і пярэднім калясом ёсьць.
БОЙКА ж. Маслабойка. Бойка зусім рассохлася, трэба ў ваду паставіць.
БОР м. Вялікі лес, пераважна яловы. Учора ў бор у чарніцы ездзілі, два малірованых вядры набралі.
БРУДАС м. Мурза, брудны чалавек. Гэты брудас і ног увечары ні мыя - порткі здымя і ў ложка.
БРУШНІЦЫ мн. Брусніцы. Не, каля субельскай дарогі брушніцы ні растуць, гэта трэба, як па астравецкай ідзеш, трохі ўлева браць, як на лукі.
БУХМАТЫ прым. Таўсташчокі. Паправіўся за зіму, тоўсты стаў, бухматы.
ВАРАТАК м. Вар. Варатак заварыўся, выключы каструлю.
ВІТКА ж. Гнуткая лазовая галінка. Што ты з голымі рукамі каровы ідзеш пасціць, хоць вітку выламай.
ВЫСАЛАПЎШЫ зак. Высунуўшы язык. Цэлы дзень, як дурная, высалапіўшы язык, лётала.
ВЫШКІ мн. У гумне: перакладзіны над тарпом. На вышкі складаюць абмалочаныя снапы, салому.
ВЭНДЛЯРНЯ ж. Вяндлярня. Вэндлярня толькі ў нас у вёсцы была. Звязе тады ўся вёска мяса, вэндзяць.
ВЭНДЗІЦЬ незак. Вэндзіць. Вэндзяць вечарам ці раніцай, як ціха, каб дым ішоў на мяса.
ВЭРХАЛ м. Непарадак, гармідар. У хаце пасля рамонту такі вэрхал, нічога ні магу знайсці.
ГАДЗІЦЦА незак. Брыдзіцца. Як гадзішся, то ні рабі, я адна абшчыпаю, час ёсьць.
ГАРА ж. Гарышча. Сынок, скокні на гару, там мае боты стаяць каля коміна, прынясі.
ГАРАЦЬ незак. Араць. Трэба поля за гумном загараць.
ВЫГАРАЦЬ зак. Выараць. Трэба яшчэ пару выгараць, каб бабы не сядзелі.
ВЫГОРВАЦЬ незак. Выворваць.
ГІЛЬ м. Насякомае. Гілі грызуць коней, яны такія з бальшымі галовамі, куслівыя, пузатыя.
ГІЛЯВАЦЬ незак. Гізаваць. Горача, каровы гілююць, ні ўпасеш адзін.
ГІРГУН м. Мясцовы літовец. Відаць, што яна гіргуха: як кажа, так словы цягня, спявая.
98 👁