Старонка 199
◀ / 386 ▶
(матывацыя); – абмежаванасць рэсурсаў мовы, што не дазваляе бясконца ствараць новыя словы. Прынцып этымалагічнай матывацыі выразна праяўляецца ў большасці дыялектных слоў, бо назва прадмета ці з'явы даецца на падставе якой-небудзь заўважанай практыкай прыметы, уласцівай прадмету ці з'яве. Выбар прыметы, пакладзенай у аснову назвы, можа быць не абавязкова галоўным, але, як правіла, у назве заўсёды адлюстроўваецца сувязь са зместам зыходнай лексемы. Напрыклад: мароз як назва белай хрызантэмы ўзнікла на аснове асацыяцыі колеру і формы пялёсткаў кветкі з узорамі марозу на шыбах. У дыялектным слове ў большай ступені, чым у лексемах літаратурнай мовы, выяўляецца канкрэтнасць семантыкі, больш выразнае прадметнае супастаўленне з вобразам, які заключаны ва ўтвораным слове. Полісемія ў дыялектнай мове ўласціва розным часцінам мовы: назоўнікам [галуза 1) галавешка, 2) бязрогая карова – у аснове назвы 'голы']; прыметнікам [малады 1) пра ўзрост чалавека, жывёлы, 2) рэдкі, 3) няспелы]; дзеясловам [знеўдалець 1) захварэць, 2) схуднець]; прыслоўям [спрэс 1) зусім, 2) цалкам: Яна спрэс глухая, нічого не чуе], зрэдку іншым часцінам мовы. Аднак полісемантычныя ў дыялектнай мове найчасцей бываюць назоўнікі і дзеясловы. Як ужо адзначалася, шляхі развіцця мнагазначнасці слова ў гаворках разнастайныя, але асноўным і вызначальным выступае метафарызацыя Лексіка-семантычныя варыянты назоўнікаў – гэта часцей за ўсё вынік пераносу назвы з аднаго прадмета на другі на аснове знешняга падабенства ці паводле характэрнай прыметы, уласцівасці, якасці, а таксама метанімічны перанос і інш. Напрыклад: 1) асяродак 1) сарцавіна расліны, 2) стрыжань нарыва, 3) цэнтральная частка вёскі; галоўка 1) памянш. ад галава, 2) шапачка грыба, 3) каробачка з ільняным семем. Асноўны шлях утварэння лексіка-семантычных варыянтаў дзеясловаў, як і назоўнікаў, – перанос назвы дзеяння, стану на аснове падабенства вынікаў дзеяння, вобразных асацыяцый, метанімічных адносін. Напрыклад: абіраць 1) здымаць: Абяры яблыкі вунь у той кошык, 2) ачышчаць лупінне: Абяры картоплі ды звары на вячэру; стаяць 1) знаходзіцца ў вертыкальным становішчы, 2) займаць пасаду, працаваць: Мая нявестка ў магазіне стаіць, а сын на хвермі. Шматлікія прыклады полісемантычных слоў у гаворках сведчаць, што семантычная варыянтнасць слова – адна з істотных рыс дыялектнай мовы. Даволі багатыя на мнагазначнасць і гаворкі Случчыны. Як ілюстрацыю пададзім слоўнічак мнагазначных слоў на літару М.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
83 👁
◀ / 386 ▶