Фуфайка ж. Ватняе адзенне ў выглядзе курткі; ватоўка. У фуфайцы люцко на рабоці: і цяпло, і лёхко. Угр.
Куфайка — 'ватоўка' (Мат., 125); кухвайка, кухайка, кугайка — 'ватоўка' (ЛП, 316). Ведама, як раненых прымае, то і шынялёў, і куфаек і ўсяго ўсякага (М. Лобан. На парозе будучыні). Фуфайка — 'цёплая вязаная сарочка' (РБС-53, БРС-62).
— Укр. фуфайка, руск. фуфайка — тс., дыял. куфайка — 'куртка' (Пос., 257).
У гаворкі фуфайка прыйшло ў час Айчыннай вайны, відаць, з рускай народнай мовы.
Аўтары КЭСРЯ мяркуюць, што фуфайка магло быць утворана суфіксальным спосабам (суфікс -айк-а) ад італьянск. fofa — 'фуфайка'.
Плашч м. Лёгкае, звычайна непрамакальнае паліто. Бало плашчоў гэтых ніхто і ні насіў, усё капоты шылі ад дажджу. Гр. Слова бытуе ва ўсіх славянскіх мовах. Паходзіць ад пласт, суфікс -j-. Прадмет атрымаў сваю назву ад накідкі, відаць, на аснове агульнасці функцый.
Рукавіцы адз. рукавіца ж. Слова бытуе ў гаворках з больш шырокім, чым у літаратурнай мове, значэннем: ім называюць і рукавіцы, і пальчаткі. Рукавіцы і з адным пальцам і на пяць пальцаў. Гр.
Для дыферэнцыяцыі часам ужываюцца апісальныя выразы: рукавіцы з адным пальцам і рукавіцы на пяць пальцаў (пальчаткі).
Рукавіцы — 'рукавіцы, пальчаткі' — Бых. (МДСБМ), рукавіца — 'пальчатка' (Шпіл., 55).
77 👁