Супольніца ж. Доўгая і шырокая сподняя кашуля; слова скарыстоўваецца часцей як жартаўлівае і непахвальнае пра завялікае, зашырокае, нязграбнае адзенне. Дзіцяці супольніцу шый, а ні мне. Кр. Сама насі гэту супольніцу, а я ні буду такую сукню класці на сябе. Гр.
Супольніца — 'суцэльнае адзенне', Слон. (П. С).
Паходзіць слова супольніца ад пала; суфіксальна-прэфіксальнае ўтварэнне: су-польніца.
Каптан м. Пра любое верхняе з рукавамі адзенне да пояса (часцей даматканае). І ёй каптан замалы стаў: памажнела. Св. Апрані, Лёнічак, каптан, каб халадно ні было часам. Гр.
Каптан — 'жаночая на ваце кофта', Чэрв. (КСЧ), 'кофта', Глушч. (Мат., 114), 'пінжак' — Рад. (МДСБМ); каптан: 1) куртка; 2) блузка (ЛП, 290).
Ён скінуў каптан, разуўся — думаў трохі падрамаць (А. Бажко. Перад вераснем). Маці палажыла ў фартух пад каптан кавалак пірага (Р. Тармола. Агатка).
Зрэдку слова выкарыстоўваецца ў зэльвенскіх гаворках і са значэннем 'адзенне наогул'. От каптан які куплю і ўжэ ні голы хадзіціму. Кр. Параўн. Каптан шык, а ў бруху пшык (Рап.).
Слова адзначаецца ў рускай, украінскай, балгарскай, сербскай, чэшскай і польскай мовах.
80 👁