Булка ж. 1. Пшанічнае печыва дзецям (звычайна з астаткаў цеста ад пірага). Сьпякла шэсць пірагоў і дзьве ішчэ булкі вышло. Гр. 2. Фабрычны пшанічны хлеб. Узяў у лаўцы дзьве баханкі чорнага й булку. Кр. 3. Баханка фабрычнага чорнага хлеба. Булак сотры возьмяш (хлеба) Ст. С.
Найбольшае пашырэнне мае слова булка з першым значэннем. З апошнімі двума значэннямі слова ўспрымаецца як новае.
Булка — 'жытні хлеб, невялікі' (СБН, ВКС).
Булка—'хлеб з пшанічнай мукі' (РБС-53); булка — 'булка'; 'хлеб, каравай' (БРС-62).
— Укр. булка — тс., руск. булка — тс.; булка: 1)"пшеничный хлеб в Южной России; 2) „хлебец немецкого печенья" (Даль, I, 140).
Булка — запазычанне з польскай мовы. Польск. bułka, як сцвярджае Я. Карскі, з нямецк. Beule. Ф. Слаўскі параўноўвае bułka са шведскім bulle — 'хлеб, булка' (Сл., I, 50). А. Брукнер адносіць слова да лац. bulla—'гуз, пухір', адкуль і бульба. Паводле яго слоў, у старапольскай мове ўжывалася састаўная назва bułka chleba; булка ў сучасным яго значэнні — з XV ст. (Брукн., 48). М. Фасмер дапускае роднаснасць слова булка са словамі булава, булдырь і параўноўвае з лац. bulla — 'выпукласць, пухір' (Фасм., I, 239). Думка Фасмера заслугоўвае ўвагі. У даследаваных гаворках булка — гэта і назва гарбатага чалавека. Магчыма, у слове булка трэба бачыць індаеўрапейскі корань — bul, параўн. стараінд. bulis — 'зад', сярэднелітоўск. bulis — 'ягадзіцы', лац. bulla — 'пухір'.
76 👁