ПА-ІХНАМУ прысл. Па-іхняму. Па-іхнаму няхай будзець. Андрэеўшчына Арш.
ПАІЦЦА незак. Піць. Жаркавата. Каровы бягуць паіцца. Смаляны Арш.
ПАК м. 1. Куфар. Раней, калі маладая замуж ішла, то брала з сабой пак. Міхалова Чаш. 2. Скрыня для захавання зерня. Бяры ў паку леташні ячмень. Галбея Паст.
ПАКАГДАСЬ прысл. Пазаўчора. Пакагдась хадзілі да Францаўны. Валынцы В.-Дзв.
ПА-КАДЛОЎСКУ прысл. Абы-як. Ты ўсё робіш па-кадлоўску. Шылы Сен.
◊ ПАКАЗАЦЬ, НА ЧЫМ СВІННЯ ХВОСТ НОСІЦЬ Правучыць. Я паказаў яму, на чым свіння хвост носіць, дык болей не лезе. Папоўка Сен.
◊ ПАКАЗАЦЬ САЛОМУ Прымусіць працаваць. Брыгадзір новы вам пакажыць салому, не адстанець. Малая Вядрэнь Чаш.
ПАКАЗЕЛІЦЦА зак., груб. Зрабіць вялікія вочы. Чаго паказёлілася, не нравіцца праўда? Дрыгучы Міёр.
ПАКАЛАК м. Невялікая палка. Ногі баляць, дык з пакалакам хаджу. Сялец Чаш.
ПАКАЛАК ж. Невялікая яма. Вырый пакалак і засып туды смецце ды закапай. Баршчоўка Віц.
ПАКАЛАК м., асудж. Гультаяваты чалавек. Што ты за пакалак, нічога памагаць не хочаш. Жывалака Уш.
ПАКАМЕСЬ, ПАКАМІСЬ, ПАНАМЕСЬ 1. злуч. Пакуль. Пакамесь тое ды сёе, мы на рэчку збегаем. Бор Леп. Панамесь ты прыйшоў, я і заснула. Ураджайная Глыб. Параўн. покант. 2. прысл. На працягу некаторага часу. Пакамісь у лес не ідзіце. Рубеж Брасл. Ты пакамісь тут у нас пагуляй. Кляны Дубр. Пакамісь не крадзець, дзякуй Богу. Гута Паст., Славені Тал. Параўн. пакудава, пакуліка, пакуля.
ПАКАНДЫБАЦЬ зак. Пайсці, схадзіць. К каму тут пакандыбаеш – адны старыя. Галубава В.-Дзв. Параўн. пайціць.
ПАКАРМЯХА ж. Жанчына, якая корміць грудзьмі дзіця. Не захадзі туды: пакармяха наша там малога свайго корміць. Пірагі Дубр.
ПАКАТАНКА ж. Ушчуванне, вымова, сварка. Позна ўжо, ідзі дамоў, а то ад мамы пакатанку палучыш. Каты Шарк.
ПАКАТО н. Кола. У калёсах пакато адвалілася. Гарбачэва Рас. Пакато зламалася ўчора. Цялічына Уш.
ПАКАТОК м. Качулка, прыстасаванне цыліндрычнай формы, якое выкарыстоўваецца для выцягвання катлоў з печы. Пакаток пад вілкі пакладзі. Опліса Брасл. Пакаток некуды заваліўся. Корніца Шарк.
ПАКАЦЁЛ м., ткац. Зубчатае кола ў пярэднім навоі кроснаў. Закруці пакацёл, каб было добра нацягнута палатно. Мнюхі Міёр.
83 👁