НЯЖ гл. НЯГО
НЯЗВОДНЫ прым. Які не зводзіцца, пастаянна прысутнічае. Яйкі ў нас заўсёды на стале, бо куры ў хазяйстві нязводныя. Іванск Чаш.
НЯЗГАРАК м. Галавешка. Пасля пратопкі печы застаецца нескалька нязгаркаў. Звёздная Арш.
НЯЗГОДНА прым. Нягодная, невартая. Нікуды нязгодна такая работа. Ляхаўка Дубр.
НЯЗГРАБНІК м., НЯЗГРАБА, НЕЗГРАБЭЙЛА аг., абразл. Няспрытны, няўмелы, нязграбны чалавек; няўклюда, недалуга. Во ўжо нязграбнік дзе! Задроўе Арш. Да гэтай нязграбы лепш не звяртацца: яна як зробіць, дык хоць стой хоць падай. Марынцы Чаш. З такім нязграбам жыць – век дома нічога не будзець. Сабалі Чаш. Што ж ты робіш, незграбэйла?! Альхоўцы Шарк. Параўн. недалэнга, нідалэнга ў 2 знач., негалда, нявывалака ў 2 і 3 знач., нягеглік, нягегліца, няздэба, няўдобіца ў 1 і 2 знач., няўдуда.
НЯЗГРАЙСТВА н., экспр. Беспарадак, адсутнасць парадку. Мая першая жонка нязграйства не любіла, кожную нядзелю ў хаце чысціла. Заслонаўка Арш.
НЯЗДЭБА аг., абразл. Някемлівы, няўмелы чалавек; недарэка, недалуга. Звязалася з няздэбай такім і жызнь пражыла. Будзілава Чаш. Параўн. негалда, недалэнга, нідалэнга ў 2 знач., нявывалака ў 2 знач., нягеглік, нягегліца, нязграба, нязграбнік, незграбэйла, няўдобіца ў 2 знач., няўдуда.
НЯЗЛОМНІК м., экспр. Нязломны, стойкі чалавек. Твой мужык – такі ўжо нязломнік. Бельнякі Чаш.
НЯЗНАНА гл. НІЗНАМА
НЯЙНАЧЫ прысл. Няйначай; напэўна. На гэты кажух пайшло няйначы як тры аўчынкі. Пустаселле Докш.
НЯКЛЁПІСТА прысл. Непрыстойна, няёмка. Няклёпіста атрымалася – нарабіў сын праблем. Труды Пол.
НЯЛАД м. Нязгода, разлад. У маіх маладых нялад у сям'і. Баршчоўка Віц.
НЯЛЮБЫ прым. Непрыгожы. Нялюбая, а мальцаў колькі маець. Мікіціха Шум. Параўн. няпекны, некарысны, ніладны.
НЯМТУР, НЯМЧУР, НЯМТУРНІК м., экспр. 1. Нямы чалавек. Наш сынок – бедалага, немчуром нарадзіўся. Вераб'і Пол. Глянь, нямчур на дарозе. Камайск Докш. За маімі табе нечага глядзець, луччы свайго нямтурніка глядзі. Выхадцы Лёзн. Параўн. немак. 2. перан. Маўклівы чалавек. Што ты маўчыш, як нямтур які? Сабалі Чаш. Нямчур нейкі: з ім гаворыш, а ён стаіць як вады ў рот набраўшы. Запруддзе Глыб. Наш нямчур сёння разгаварыўся. Мілашова Міёр.
82 👁