Старонка 355
◀ / 359 ▶
ШЫБКАСЦЬ ж., толькі адз. Хуткасць, шпаркасць. З гэткай шыбкасцю ты і да абеда не паспееш. Шпунты Шарк. ШЫБКІ прым. Хуткі, шпаркі, імклівы. Надта ж ты шыбкі: я нічога не паспела яшчэ прыгатаваць. Залессе Глыб. Мапед у цябе дужа шыбкі. Чаронка Глыб. ШЫБНУЦЬ гл. ШУБУНУЦЬ ШЫБНЯ гл. ШЫБКА ШЫБЧЭЙ прысл., выш. Хутчэй. Цяпер час ідзець шыбчэй, чым раней. Барсучына Шум. ШЫДУЛА аг., абразл. Бадзяга, валацуга. Ходзіць па вёсцы, як той шыдула, не робіць нічога. Куніцкія Паст. ШЫДЭЛАК м. Кручок для вязання. Нічога ж не было, дык дзядзька тады зрабіў мне шыдэлак, і навучылася вязаць. Шантары Докш. ШЫКАЛА н., толькі адз. Вотруб'е. Пакуль шыкала будзець – буду свіней карміць. Бушыкі Глыб. ШЫЛІЦА ж. Іголка. Памажы мне, дачушка, нітку ў шыліцу ўцягнуць. Замошша Брасл. ШЫНК м. Шынок. Бацька, бывала, вечарам пакідае нас дома адных, а сам у шынк з мужыкамі. Шаркоўка Леп. ШЫПЕЛКА ж. Вуж. Цяпер шыпелкі каля хаты поўзаюць, а раней такога не было. Ахрэмаўцы Брасл. ШЫПІЦА ж. Кустоўе (на могільніку). Шыпіцу сёлета ўсю павысякалі, адны магілы асталіся. Кавалі Глыб. ШЫПУН м. Гусак. А шыпун як пабег за намі, дык чуць уцяклі. Казімірова Пол. ШЫТКАВАЛЬНІЦА, ШЫТКАЎНІЦА ж. Шаткоўня, прыстасаванне для шаткавання капусты. Шыткавальніца ў кладоўцы недзе. Клясціцы Рас. Гуркі салілі ў цэбры – арамат дрэва дае, і капусту пасля шыткаўніцы таксама ў ім квасілі. Задуброўе Віц. ШЫЦІК м. Маленькі рачны чарвячок, які жыве ў рухомым доміку-трубачцы, зробленым з пясчынак. Сама добра на шыцікаў лавіць. Ноўка Віц. Назбірай шыцікаў, тады пойдзем на рыбу. Сарокі Глыб. Я на шыцікаў пастаянна лаўлю. Лоўша Шум. ШЫШАК, ШЫШМАК м., экспр. Гуз. Раніцай стары мой прыйшоў, а на лбе добры шышак. Фарынава Пол. Ён, як малы быў, гэты шышмак набіў. Кавалі Глыб. ШЫШАКІ мн. Шышкі. Заўтра нада схадзіць яловых шышакоў набраць. Відзы Брасл. ШЫШАЧНІК м. Лекавы сродак у выглядзе настою яловых шышак на гарэлцы. Каб ногі не балелі, зрабі шышачнік і націрай. Спігальшчына Міёр. ШЫШМАК гл. ШЫШАК
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
77 👁
◀ / 359 ▶