ШЧЫПУЧКА ж. Крапіва. Ад радзікуліту добра шчыпучка памагаець. Мікіціха Шум.
ШЧЫТ м., памянш. ШЧЫТОК м. 1. Грубка. Я шчыт каждый дзень цяпер цеплю. Лётцы Віц. Натопіць шчыт – аж спаць душна. Езярышча Гар. Летам ніколі шчыток не топім: у хаце ж і так цёпла. Каханавічы В.-Дзв. Бярозавыя дровы лепі ў шчытку гараць. Вярэнькі Паст. Так шчыток натапілі, што няма чым дыхаць. Савуткі Шарк. 2. Верхавіна ссечанага дрэва. Забірай і шчыток – дровы будуць. Каміншчына Глыб.
ШЧЫТНЫ гл. ШЧЫДНЫ
ШЧЫТОЎНІК м. Плот, агароджа. А шчытоўнік яшчэ ад таго бурану ляжыць. Мяшкова Тал. Параўн. штакет, штакетнік, штынкет, шчыкет.
ШЧЭ прысл. Яшчэ. Ты шчэ тут? Шчэ не пайшоў? Равяцічы Тал.
ШЧЭНЬ гл. ШЧАНЁНАК
ШЧЭПКА, ШЧЭПІНА ж., перан., экспр. Вельмі худая дзяўчына ці жанчына. Яна ж нічога не есць, гэта шчэпка. Барсукі Глыб. Сястра твая такая ўжо шчэпіна. Крывое Сяло Шум.
ШЧЭРЫ прым. Старанны, руплівы. А мой стары да работы дужа шчэры. Параф'янава Докш.
ШЧЭТКА ж. Шчотка. Недзе мая шчэтка зубная была. Пліса Глыб.
ШЧЭЦІ толькі мн. Прыстасаванне для часання воўны. Возьмем шчэці і ўвесь вечар чэшам воўну. Савуткі Шарк.
ШЦІБЛЕТЫ толькі мн. Лёгкія туфлі. Ладныя шціблеты ты купіла. Паўазер'е Беш.
ШЫБАР м. 1. Танец. Весела было тады: польку, вальс, шыбар танцавалі. Слабада Докш. 2. Засланка ў коміне, юшка. Перад тым, як дровы запаліць, нада шыбар адсунуць, а то поўная хата дыму будзець. Воўкаўшчына Міёр.
ШЫБЕЛІЦА, ШЫБЕЛЬНІЦА ж. Высокі слуп. Як ты залезеш на такую шыбельніцу? Абруб Беразвецкі Глыб. Лямпачку на шыбеліцу павесілі і рабілі да познага. Друя Брасл.
ШЫБЕНЬ м. Кароткая палка. Малец шыбень узяў, тады толькі сабака ўцёк. Стаі Леп.
ШЫБКА, ШЫБНЯ прысл. Хутка, шпарка, імкліва. Не бягі шыбка. Канашы Гар. Бяжы шыбка, а то не ўспееш. Азярцы Глыб. Я ўжо не магу шыбка хадзіць – гады не тыя. Сарокі Глыб. Шыбка дабраўся, хоць і няблізка. Туркова Міёр. Зяць на машыне любіць шыбка ездзіць. Машканы Сен. Яшчэ шыбня ўсё робіш: і полеш, і жнеш. Чарневічы Глыб.
83 👁