ЦВІЛЫ прым. Спелы. Марынка прынесла ўжо цвілыя арэхі. Мікіціха Шум.
ЦВІЧЫЦЬ незак. Дакараць, павучаць; прабіраць. Так і цвічыць яго: ці ёсць за што, ці німа за што. Янкі Докш. Як цвічыш іх, дык слухаць ні хочуць. Лужкі Глыб. Ён маліц такі шустры – таму бацька яго і цвічыць усё. Псуя Глыб. Нас бацька ў дзецтве добра цвічыў. Турлы Паст. У дзецтве мяне так цвічылі, што будзь здароў! Папкі Шарк.
ЦВЫРКА ж., зб. Дробная рыба. Баця прынясе рыбы многа, дык мы большую сабе, а дзе цвырка – кату. Таўкіні Шарк.
ЦЕРУШЫЛКА аг. Ціхае, спакойнае дзіця. Яе сын, як церушылка, – гуляіць сам сабе і не чуваць яго. Богіна Брасл.
ЦЕСЛІ мн. Зруб. Вот цеслі паставіш, тады ўжо ўцяпляць будзіш. Лігусава Сен.
ЦЕСЛЯ м. Цясляр. Цесля твой з работы прышоў ужо? Старое Лядна Леп.
ЦЁМНАЯ ж. Памяшканне для захавання прадуктаў харчавання, кладоўка. У цёмнай усё: і кампоты, і варэння. Старое Лядна Леп. Схадзі ў цёмную, сахару прынясі. Залессе Шум.
ЦЁНГЛЯ прысл. Заўсёды, пастаянна. Так у нас цёнгля было. Докшыцы. Працаваць цёнгля трэба. Белішкі Паст. Яна мне цёнгля наругаецца. Коўзаны Паст.
ЦЁПКАЦЦА, ЦЯЛЁПКАЦЦА незак. Купацца. Я цёпкацца хачу, пашлі на возера! Васіліны Паст. Цялёпкаюцца ў сажалцы, пакуль не надаесць. Зубава Арш.
ЦЁС м. Тонкая дошка, шалёўка. Новую хату цёсам абівалі. Матырына Леп.
ЦЁТА ж. Цётка. Схадзіла б ты да цёты сваёй. Капыльшчына Глыб.
◊ ЦІ ГРЭХ ЦІ ДВА! ЦІ ГРЭХ ЦІ НЕ! Ужываецца пры нараканні на каго-н. ці што-н. Сколькі ўжо вам гаварыць можна адно і тое, а да вас усё не даходзіць! Ці грэх, ці два! Янкі Докш. Як вам не сорамна! Ці грэх ці не! Чаму вы апаздалі?! Варанцэвічы Тал.
ЦІЖМА ж. Непраходны лес, гушчар. У грыбы некуды схадзіць, ціжма такая ўсюды. Кулакова Віц., Машканы Сен.
ЦІКАЦЬ незак. Уцякаць. Як звера якога ўбачыш, цікай хутчэй. Свірэлі Паст.
ЦІКУН м. Дзікарослы мак. Ён гэты цікун збіраў усюды і абтрасаў. Абольцы Тал.
ЦІНЯНЁХАЦЦА незак. Няньчыцца. Радзіла во рябёнка, дык ніхай ціперь і цінянёхаіцца з ім. Канашы Гар. Кінь ты з ей цінянёхацца, яна ж не малая ўжо! Рошчына Сен.
80 👁