УПОРЫСТЫ прым. Упарты. Дзіця надта ўпорыстае. Канашы Гар. Параўн. упарцісты, упорчывы.
УПОТЛІВЫ прым. Патлівы. Конь яго слабы, употлівы. Латышы Глыб.
УПОЎЗІНЫ толькі мн. Засяленне ў новую хату. Заўтра ў дачкі ўпоўзіны, нада памагчы ёй. Дрыгучы Міёр.
УПРОСА аг., асудж. Чалавек, якога трэба доўга ўгаворваць зрабіць што-н. Не будзь упросаю, папрасілі – і здзелай. Барсукі Дубр.
◊ УПРЫТРАШКУ ДАЦЬ Пайсці ў скокі. Бывала, як разойдуцца кавалеры, упрытрашку як дадуць, усе ногі дзеўкам паадбіваюць. Макаравічы Докш.
УПРЫЦЁН прысл. Падрад, непасрэдна адзін за адным. Што ж гэта будзіць, калі станем увальняць усіх упрыцён? Лужкі Шарк.
УПУД м. Спалох. Страшны ўпуд я цяпер перажыла. Бароўка В.-Дзв. Бабка даець ваду і ад упуду. Снегі Міёр. Ці знаеш ты, якія зёлкі ад упуду? Ясева Міёр.
УПУДЗІЦЦА зак. Спужацца. Упудзіўся і не пашоў далей. Ноўка Віц., Канашы Гар.
УПУЦІЦЬ зак. Прыбраць, прыняць адкуль-н. Нада ўпуціць мяса са стала, каб кот не з'еў. Нізкі Гарадзец Тал.
УПЫНЯЦЦА незак. Спраўляцца па гаспадарцы. Пойдзем упыняцца. Буйкі Шарк.
УПЭТРУХІ прысл. Ушчэнт. Мой сасед разбіў упэтрухі сваю новую машыну. Старое Сяло Уш.
УПЯРУХА ж. Каша з пярловых круп з кавалачкамі сала, прыгатаваная ў печы. Мой муж дужа любіў упяруху, і дня не абыходзілася, каб я не зварыла. Якубова Рас.
УПЯРЭДКІ прысл. Наперад. Бяжы ўпярэдкі – яна цябе там чакае. Коравічы Чаш.
УРАБЕЦЬ зак. Спалохацца, спужацца. Чаго ж ты так урабеў, гэта ж заяц праскочыў. Стралкі В.-Дзв. Я ўрабела перад чужым хлопцам. Хацейка Гар.
УРАБІЦЬ зак. Зрабіць што-н. кепскае. Пэўна ўнучык нешта ўжо ўрабіў. Ваўкалата Докш.
УРАГАВАЦЦА незак. Упарціцца, быць непаслухмяным. Будзеш урагавацца – воўк цябе ў лес забярэ! Новы Двор В.-Дзв.
УРАГІ толькі мн. Капрызы. Дзядзька розгачкай як сербануў – дзе яго ўрагі дзеліся? Грушава Чаш.
У РАД у знач. прысл. Побач. У рад з намі жыла яе дачка, во так наша хата, а во тута яе. Веляшковічы Лёзн.
УРАДЖАЙЛІВЫ прым. Ураджайны. Гэты год будзе ўраджайлівы. Задроўе Арш.
77 👁