УЁМІСТЫ прым. Умяшчальны, ёмісты. Не думаў, што вядро такое ўёмістае. Латышы Глыб. Гэта торба дужа ўёмістая. Хацейка Гар.
УЖВА ж., часцей УЖВЫ мн. Гуж. Ужвы к хамуту крэпяцца. Баравуха Пол.
УЖЫЧОК м., памянш. Вуж. Ужычкоў з дзецтва баюся. Верацея Арш.
УЗАБАЛЬ прысл. Сапраўды, па-сапраўднаму, сур'ёзна. Ты ў мяне ўзабаль плакаць будзеш. Кошчава Беш. Я табе гэта ўзабаль гавару. Латышы Глыб. Ты ўзабаль кашы наварыла? Юнькі Паст.
◊ УЗБІЦЦА НА ЛЫЖЫ. Заняць высокую службовую пасаду. Другі срок на лыжы ўзбіўся. Чарневічы Глыб.
УЗБОЛАТАК м. Край балота. На ўзболатак пашлі ў ягады. Раманава Гар.
УЗВАЛАК м., УЗВАЛЛЕ н. Узвышша, узгорак. На ўзвалку гумно стаіць. Сяляўшчына Рас. Збіралі шчавель на ўзваллі. Старое Сяло Уш.
УЗВАР м. Накіп. Знімі ўзвар з каструлі. Круткі Паст.
УЗВЕРАДЗІЦЬ незак. Растрывожыць, расхваляваць. Што ж ты нарабіла, узверадзіла былое. Гатаўшчына Глыб.
УЗГНЕЗДЗІЦЦА зак. Узлезці куды-н. Чаго ты туды ўзгнездзіўся, глядзі ўпадзеш. Ганкавічы Беш.
УЗДЗЯБУРЫЦЦА зак., экспр. 1. Узлезці, узабрацца куды-н. Куды ты з нагамі на канапу ўздзябурылася? Савуткі Шарк. 2. Рана ўстаць. Уздзябурылася сёння ні свет ні зара. Камаі Паст.
УЗДЗЯБУРЫЦЬ зак. Апрануць. Што гэта ты ўздзябурыла? Спарышся. Камаі Паст. Што ты за сукенку ўздзябурыла? Хуценька знімай! Прамышляды Паст.
УЗДОХІ толькі мн. Лёгкія. Баляць нешта ў мяне ўздохі. Бігосава В.-Дзв.
УЗДРОМ м. Дрымота. І такі ўздром на мяне наваліўся, ажно не магу сядзець. Шчучына Віц.
УЗДЫХ м. Сурокі, чары, якія, паводле забабонаў, перадаюцца праз паветра. Уздых знімаю. Цяпер многа ад сурокаў паміраюць. Ноўка Віц.
УЗЛІЎ м. Праліўны дождж. Учора такі хлянуў узліў. Высачаны Лёзн. Параўн. улёва.
УЗЛІЦЦА зак. Раззлавацца. Пасля маіх слоў свякроўка так узлілася на мяне. Клясціцы Рас. Параўн. усёрдзіцца, усханабэрыцца.
УЗЛІЦЬ зак. Раззлаваць. Узліла мяне сёння гэта карова. Забор'е Рас.
УЗНОР м. Крыніца. Ва ўзноры была самая ўкусная вада. Полацк. Калодзец нада капаць на ўзноры. Бокішава Шум. Схадзі на ўзнор за вадой студзёнай. Ракава Гар.
83 👁