НАБОЖНІК, памянш. НАБОЖНІЧАК м. Ручнік, які вешаюць на абразы. Новы набожнік павесюць, а старый да долу паложуць, а не выкідываюць. Слабада, Сваташыцы Дубр. На іконы ўсягды, бывала, набожнік чаплялі. Белая Ліпа Сен. Рушнікі-набожнікі прыгожа ткалі. Слабада, Селішча Уш., Асташэва Лёзн., Карабанавічы Дубр. А ў мене многа красівых набожнічкаў. Езярышча Гар. Параўн. набразнік, набражнік, накутнік, намётка ў 3 знач.
НАБОЙ м. Наезджаная зімовая дарога. Па дароге неяк ехаць, бо німа набою. Баршчоўка Віц.
НАБОЙ м., ткац. Прасніца; прыстасаванне для прадзення. А набой стаіць мой у гумне. Галбея Паст.
НАБОРКА ж., часцей НАБОРКІ мн. Посцілка з узорамі, пакрывала. Мая бабуля – масцярыца па наборках. Рудабісць Брасл. Раней наборкі ў прыданае робілі. Папкі Міёр. Параўн. накідзень.
НАБРАДЗЬ, НАБРЫДЗЬ ж., зб., абразл. 1. Зброд, дрэнныя людзі. Ходзіць па вуліцах нейкая набрадзь. Езярышча Гар. У нас набрадзі многа. Бычыха Гар. Была мая суседка такая набрадзь, якую свет не бачыў. Сокарава Беш. На свята ўся набрыдзь пасабіралася. Савенічы Сен. Пасля палучкі ўсякая набрыдзь тады паўзець да магазіна. Туркова, Воўкаўшчына Міёр. Набрыдзі наехала ў дзярэўню, кроме п'янкі нічога не знаюць. Дзёрнавічы В.-Дзв. Панайшло ў клуб набрыдзі ўсялякай, яшчэ нашых б'юць. Пусташы Пол., Празарокі Глыб. Параўн. нелюбяціна, несувірутнік, наглінец, нягоддзе. 2. Чужыя людзі, якія прыйшлі без запрашэння. Помню, як вяселле маё гулялі, столька набрыдзі найшло, болі як гасцей. Сахнавічы Глыб. На двары набрадзь сабралася. Чарневічы Глыб.
НАБРАЖНІК, НАБРАЗНІК м., абрад. Ручнік, які вешаюць на абразы. Набражнік гэты сістра мая вышывала. Бокішава Шум. Мая мама сама вышывала набразнікі. Сініцы Беш. У нас набразнік у куце вісёў. Алексінічы Сен. Параўн. набожнік, набожнічак, накутнік, намётка ў 3 знач.
◊ НАБРАЦЬ З КОПТУРАМ Набраць з верхам. Набярыце кошык яблык з коптурам. Альхоўцы Шарк.
НАБУБНІЦЬ зак. Набухнуць, набракнуць. Скарынка хлеба ад вады набубніла. Барздоўка Арш.
НАБУДУВАЦЬ зак. 1. Нарыхтаваць, сабраць што-н. з пэўнай мэтай. Во я набудувала сабе гуркоў на закаткі. Ноўка Гар. 2. Накласці, запоўніць ёмістасць да самага верху. Ізноў мне мама поўную сумку набудувала. Дзёрнавічы В.-Дзв. Два вядры бульбы набудувалі сабе – у горад павязуць. Лужасна Віц. Партызаны набудувалі сумку і паехалі. Арэхаўна Уш.
НАБУДЗІЦЬ зак. Разбудзіць. Маці рана набудзіла, што ледзь устала. Ахрэмаўцы Брасл.
77 👁