РАСПАЛЁЎКА ж. Падпал; смалякі, трэскі, якія служаць для распальвання печы. А як палілі ў печы, дык даставалі распалёўкі. Звёздная Арш.
РАСПАСОРЫЦЬ зак., экспр. Патраціць, зрасходаваць (пра грошы). Сястра распасорыла ўсе грошы на кірмашу. Фарынава Пол. Параўн. расшыкаць.
РАСПІСАНКА ж., абрад. Пафарбаванае на Вялікдзень яйка. Нада хрэсніку распісанку аднясці. Янкавічы Рас.
РАСПІРЫНДАВАЦЬ незак. Распараджацца; адчуваць сябе гаспадаром. Толькі паявіўся – і давай распірындаваць: туды пакладзі, сюды прынясі. Дзёрнавічы В.-Дзв.
РАСПЛІКНУЦЬ зак. Расчыніць. Вокны лепш расплікні, а не дзверы. Кутняны Пол., Матырына Уш. Параўн. раззяпіць у 1 знач., раступырыць, расхампіць.
РАСПУСКАНКА ж. Разведзеная жанчына. Вось гэту бяры: няважна, што распусканка, зато рабіць усё ўмее. Грышаны Віц. Параўн. развадуха.
РАСПУСКІ толькі мн. Тачка. Зламаў сусед нашы распускі, а новых зрабіць не жадае. Шаркаўшчына.
РАСПУТРЭЦЬ зак., экспр. Разленавацца. Зусім распутрэў, нічога не хоча рабіць. Лазы Тал.
РАССАСУЛІВАЦЬ незак. Марудзіць, цягнуць час. Хваціць рассасуліваць, ехаць нада. Мазалава Віц., Канашы Гар.
РАССТАЦІСЯ зак. Развітацца. Доўга не мог расстаціся з імі, але ж дадому трэба было ехаць. Стаі Леп.
РАССУСОЛІВАННЕ н. Пустыя, бессэнсоўныя размовы. Няма канца твайму рассусоліванню. Урбаны Брасл.
РАССУСОЛІВАЦЬ незак. Доўга і бессэнсоўна гаварыць. Як пачне рассусоліваць, рот не закрыеш. Папоўка Сен. Параўн. размандыківаць, рассяменькаваць.
РАССЯМЕНЬКАВАЦЬ незак. Весці доўгія бессэнсоўныя размовы. Любіць рассяменькаваць, канца яе байкам няма. Палата Пол. Параўн. размандыківаць, рассусоліваць.
РАСТАРОПІЦЬ, РАСТРОПІЦЬ зак. Размарозіць, даць магчымасць адтаць чаму-н. Растаропіла халадзільнік, ажна на пол пайшло. Валынцы В.-Дзв. Растропіла халадзільнік, вады налілося на пол. Валынцы В.-Дзв.
РАСТВО гл. РАЖАСТВО
РАСТРОПІЦЬ гл. РАСТАРОПІЦЬ
РАСТУПЫРЫЦЬ зак. Расчыніць, адчыніць. Чаго ты дзверы раступырыў, халодна ўжо ў хаце стала! Не май месяц! Абруб Глыб. Параўн. раззяпіць у 1 знач., расплікнуць, расхампіць.
82 👁