ПЮРНІК м. Пенал. У мяне ў школе самаробны пюрнік быў: бацька з дрэва зрабіў нам усім. Квачы Глыб. У пюрніку алоўкі твае. Абруб Беразвецкі Глыб.
П'ЯВІЦА, П'ЯГА ж. П'яўка, прэснаводны чарвяк, які корміцца кроўю жывёл, прысмоктваючыся да іх цела. Цётка баялася зачэрпнуць п'явіцу ў вядро. Стараселле Леп. Не палезу я ў ваду: там п'ягі водзяцца. Бешанковічы.
ПЯВУХА, ПЯЮЛЕЙКА, ПЯЮЛІЦА, ПЯЮЛЛЯ ж. Пявуння. Пявухай у моладасці была. Старыя Вайханы Гар. Былі пяюлейкі запрошаны, як у сельсавеце распісываліcь. Стаі Леп. Во пяюліца! Песні цэлы дзень у яе. Дэмскія Міёр. Не скрывай, бо ведаем, што ты пяюлля добрая. Надазер'е Глыб. А ў нас усе дзеўкі ў вёсцы добрыя пяюллі былі. Заазер'е Пол.
П'ЯГА гл. П'ЯВІЦА
ПЯКАЦЬ незак., экспр. Сварыцца, крычаць, лаяцца на каго-н. Пякала я яе дужа за гэтага хлопца, бо не пара ён ёй. Мурашкі Міёр. Параўн. пярэкаць.
ПЯКЛО н., ПЯКОЛКА, ПЯКУХА ж. Крапіўнік, зараснікі крапівы; крапіва, жыгучка. У пякло ўлезла. Расоны. Уся баня пяколкай абрасла. Ахрэмаўцы Брасл. Пякуху за хатай вырваць ці скасіць трэба. Старое Лядна Леп.
ПЯКОЛАК м., ПЯКОЛКА ж. 1. Прыпечак, месца перад чалеснікамі печы. Як зварыцца ежа свінням, на пяколку пакідаю, каб не прастыла да вечара. Абруб Беразвецкі Глыб., Паставы. Пусты кацёл на пяколку пакінь, як свінням ежу выльеш. Пранікі Уш. Параўн. прыколак, прымурак. 2. Цёплае месца на печы, куды лазяць грэцца або ставяць што-н. грэць. На пяколку штаны твае ляжаць. Ахрэмаўцы Брасл. На пяколку цёпла дужа сёння. Мяжа Гар. Лезь на пяколак ды пагрэйся. Тупічына Шум. 3. Пячурка, невялікая ніша ў бакавой сцяне печы. Рукавічкі ў пяколку пакладзі, каб высахлі за ноч. Паўазер'е Беш., Галбея Паст. Збоку пяколак зрабі, як станеш печ перакладываць. Крывыя Тал.
ПЯКОЛАК м., ПЯКОТА ж. Гарачыня, спякота, духата. Ужо цэлы месяц такі пяколак. Хоць бы дождж пайшоў, усё ж засохне. Мішкавічы Шум. На дварэ такая пякота, што з хаты не выйсці. Шацяні Сен.
ПЯКОЛКА гл. ПЯКЛО
ПЯКОЛКА гл. ПЯКОЛАК
ПЯКУХА гл. ПЯКЛО
ПЯЛЕНГВАЦЬ незак. Смеціць, забруджваць смеццем. Зноў будзеш пяленгваць мне на стол. Кублічы Уш.
84 👁