Старонка 190
◀ / 359 ▶
ПРЫЛЕЖ м. Ляжанка, шырокі выступ на печы ці грубцы для ляжання. Усю во зіму на цёплым прылежы газеты чытаю. Мілашкі Брасл. ПРЫЛЁПЫШ м. Гаспадарчая прыбудова да хаты; кладоўка. Кідай моркву пакуль што ў прылёпыш, а там разбяромся. Спігальшчына Міёр. Параўн. прыварак, прыйстобачнік, прыйстопачнік, прыстобачнік, прыстопачнік, прыўня. ПРЫЛЕШАК м. Пратаптаная паміж градкамі ці барознамі сцежка. Прылешак не забудзь прапалоць. Лялеўшчына Гар. Параўн. прабараздак, прібараздак, прыградак, прыграднік, прымежак. ПРЫЛІПАЙЛА, ПРЫЛІПЛІВЫ аг., асудж. Прыліпа, надакучлівы, назойлівы чалавек. І як мне адкасацца ад прыліпайлы гэтай? Свіла Глыб. Ад гэтага прыліпайлы нідзе паратуначку няма. Замачак Чаш. Зноў гэты прыліплівы сядзіць ды галаву цэлы дзень дурыць. Башні Шум. Прыліплівая тая цэлы дзень за мной, як хвост, ходзіць. Цаўі Шум. Параўн. пракуда, прыставака, прыедлівы. ПРЫЛІПКІ толькі мн. Дзядоўнік. Як на луг пойдзеш, уся адзежа ў прыліпках. Храпакі Віц. ПРЫЛУНЕЦЬ зак. Здурнець, страціць розум, свядомасць, развагу. Як матку пахавала, прылунела зусім дзеўка. Кузняцова Віц. ПРЫЛУПІЦЬ зак., экспр. Хутка прыйсці, прыбегчы. Чаго гэта ён прылупіў на панадворак? Ідзі пагавары, што яму нада. Дрыгучы Міёр. Параўн. прыджгаць, прылапацець, прыскікаць. ПРЫЛЮБАНІЦЦА гл. ПРЫЛАБУНІЦЦА ПРЫЛЯДА ж. Прылада. У мяне прыляда гэная зламалася ў руках. Варапаева Паст. ПРЫЛЯПАЦЦА зак. Прычапіцца, прыстаць да каго-н. з надакучлівымі просьбамі, прапановамі. Прыляпаўся да міне, ніяк ні адстаніць са сваімі разгаворамі. Хацейка Гар. Што ты прыляпаўся ка мне? Баравуха Пол. Параўн. прікасацца, прыкасацца ў 2 знач. ПРЫЛЯПАЦЬ гл. ПРІЛЯПАЦЬ ◊ ПРЫЛЯПІЦЬ ПЯЛЬМЕНЬ Падслухоўваць, прыставіўшы вуха да дзвярэй. От, прыляпіў пяльмень, што ты хочаш пачуць? Антонаўка Арш. ПРЫМАВІСКА, ПРЫМОЎКА ж. Прымаўка, прыгаворка, трапнае выслоўе. Прымовак раней многа ведала, але цяпер амаль ні адной не поўню. Воўкаўшчына Глыб. Як маладзей была, болей усякіх прымавіскаў знала. Кубелеўшчына Шарк. Параўн. прыказь. ПРЫМАКА, ПРЫМАЧ гл. ПРІМАКА ПРЫМАЧКА ж. Жанчына, якая прыняла мужа жыць у свой дом. Цяпер шмат прымачак стала: жыццё цяжкае. Завер'е Брасл. ПРЫМГНУЦЬ зак. Скіснуць (пра малако). Глянь, ці прымгнула там малако на акне. Баравікі Сен.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
85 👁
◀ / 359 ▶