ПРАГНУЧЫ прым. Вельмі прагны, хцівы. Прагнучы быў, зладзюга. Воўкаўшчына Глыб.
ПРАГОНКА ж. Прагон, дарога, па якой ганяюць кароў; выган. Карову на прагонку напраў. Гута Паст. Карову толькі па прагонцы гані. Чаромушкі Шарк.
ПРАДАВАЧКА ж. Прадаўшчыца. Прадавачка наша захварэла – магазін не робіць сёння. Буда Дубр.
ПРАДАЖ м. Продаж. Збіраюць рабіну на прадаж і прадаюць. Воўкаўшчына Глыб.
ПРАДАННЕ н. Базар, рынак як месца продажу. Учора на праданне ў горад ездзілі, купілі кой-што. Камары Віц.
ПРАДАЎНА прысл. Вельмі даўно. Хата іх прадаўна згарэла. Ласкаўшчына Глыб. Ой, і прадаўна гэта было. Ухлё Чаш. Параўн. подаўна.
ПРАДБАНІК, ПРАДБАННІК, ПРІБАНІК, ПРІБАННІК, ПРЫБАЙНІК, ПРЫБАНІК, ПРЫБАННІК, ПРЫДБАННІК м. Прылазнік, памяшканне ў лазні, дзе распранаюцца і апранаюцца. У прадбаніку вядро з вадой пастаў. Бялынавічы, Старое Сяло Віц. Я ад яго тады ў прадбанніку схавалася. Грушава Чаш. У прібаніку ўчора сцірала. Мазалава Віц. Бярі адзежу ў прібанніку. Евіна, Смалоўка Гар. Раней жыта ў прыбайніку сушылі. Бокішава Шум. У прыбаніку новы венік вазьмі. Сарочына Уш. Прыбяру ў прыбанніку перад баняй. Ганкавічы, Свяча Беш. У нас малы прыбаннік, бо баню яшчэ ж з вайны строілі. Казяны Брасл. Сціраць буду ў прыбанніку. Дзёрнавічы, Іскра В.-Дзв. Адкрый дзверцы ў прыбаннік – можа, палягчэіць. Кавалі, Мікуліна, Надазер'е Глыб. Венікі бярозавыя ў прыбанніку вісяць. Ваўкалата, Зарачыцак, Сценка, Тумілавічы, Янкі Докш. У прыбанніку душна было. Велеўшчына, Губіна Леп. Прыбаннік той даўно нада разабраць. Стасева Лёзн. Халат у прыбанніку другі дзень вісіць: забылася, як мыцца хадзіла. Драгуны, Мікалаёва Міёр. У прыбанніку таз стаіць. Мяшкова Тал. Раздзенуцца ў прыбанніку, а тады ў баню ідуць. Пралетарыя, Царкавішча Уш. Выйдзі ў прыбаннік, калі табе дужа душна. Заессе, Малыя Смальянцы Чаш. Прыбаннік нада строіць такі, каб месца ўсім хваціла. Мікіціха Шум. Сёння нават у прыдбанніку душна. Янкавічы Рас. Параўн. прімыльнік, прымыльнік.
ПРАДВЕДКІ толькі мн., абрад. Адведкі, наведванне жанчыны, якая нарадзіла дзіця. Буду ў прадведкі да ўнучкі збірацца. Плюсы Брасл.
ПРАДВЕЧНЫ прым. Спрадвечны, адвечны. Гэта прадвечнае слова ў нашай ваколіцы – усе яго знаюць. Буда Дубр.
ПРАДЗЁРНУЦЬ зак. Праехаць, перамясціцца крыху ўперад. Прадзёрні ты метраў пяць на сваім трактары. Лужасна Віц.
83 👁