ПЛІШЧЫЦЦА незак. Цягнуцца, з цяжкасцю ісці, плесціся. Зноў п'яны плішчыцца ў хату. Бельнякі Чаш. Параўн. плягацца.
ПЛІШЧЫЦЬ незак. Несці, цягнуць што-н. цяжкае. Гляджу, а ён ледзь плішчыць чамадан той – ну дык і падвёз. Лужкі Шарк.
ПЛОМАК м. Часопіс. Пломак на вакзале не паспела купіць. Абаляны Брасл.
ПЛОМЯНЬ гл. ПЛАМЯНЬ
ПЛОТ м. Мост. Плот на рацэ трэба абнавіць, хадзіць страшна. Новы Пагост Міёр., Рог Уш.
ПЛОТНЫ прым. 1. Поўны, тоўсты. Раскарміла ты свайго мужыка, такі ўпітаны, плотны стаў. Стар Арш. 2. Крэпкі, моцны (пра качан капусты). У гэтым годзе добры ўраджай капусты, амаль усе качаны плотныя. Вянужа Міёр.
ПЛОЎТ м. Прадаўгаватая дошка, якой закрываюць бакавы ўваход у калоду – вулей, зроблены з камля дуплістага дрэва. Плоўт у калодзе адкрываюць, як трэба падглядзець пчол. Абруб Глыб.
ПЛУГА ж. Плуг. Вазьмі ў брата свайго плугу – пахаць будзім. Марчанкі Гар. Ён за плугой ходзіць, а мы бульбу падбіраем. Вярэчча, Хвошна Гар.
ПЛУЖКАВАЦЬ незак. Акучваць. Не так і даўно бульбу плужкавалі, а травы зноў процьма. Іванаўка Гар. Параўн. падмешваць.
ПЛУТАЦЦА, ПЛУТАЦЦА гл. ПЛАТАЦЦА
ПЛУТАЦЬ незак. Падманваць, гаварыць няпраўду. Ты мне не плутай, а гавары праўду. Казімірова Пол. Параўн. пляўдурыць.
ПЛУТУВАЦЬ незак. Плесці, перавіваючы лазу ці што іншае, злучаць у адно цэлае, вырабляць што-н. Плутувалі плот лазой. Сухавержжа Міёр.
ПЛУШАК м. Кавалак, кусок. Во гарбуз вырас – пріхадзі, і табе плушак дам. Кузняцова Віц.
ПЛЫВУН м. Плывунец, водная расліна. Рыба ў плывунах хаваецца. Арляны Сен.
ПЛЫЖЫЦЬ незак. Ціскаць, сціскаць у абдымках, моцна абнімаць. Усё цацку сваю плыжыць і спіць нават з ёй. Дубы В.-Дзв.
ПЛЫСКАЦЬ незак. Боўтаць. Не плыскай ложкай, акуратна еж. Глазамічы Віц.
ПЛЫТО н. Плыт. Плыто ён ладнае скалаціў. Зорнікі Беш.
ПЛЭНТАЦЦА незак. Блукаць, бадзяцца, хадзіць без мэты. Плэнталася ўвесь дзень па лесе і нічога не знайшла. Суша Леп., Камаі Паст. Параўн. платацца ў 1 знач., плюзгаць.
ПЛЮГАЎСТВА н., зб. Машкара, мошкі. Надакучыла гэтае плюгаўства: і ў вочы, і ў рот лезуць. Ушачы.
78 👁