М
МАГІЛЬНІК м., МАГІЛКІ мн. Могілкі, месца, дзе хаваюць памерлых. Памалу ўжо з магільніку людзі сталі разыходзіцца. Бяседы Леп. На магільніку, што ля нашай вёскі, многа людзей ляжыць. Угрынкі Уш. На магілкі на Тройцу пойдзем. Барсукі В.-Дзв., Канашы Гар.
МАГРЭТА ж. Ганарлівая дзяўчына ці жанчына. Выступае, бы магрэта, нос задраўшы. Смаляны Арш. Як прыехала з гораду, ходзіць па вёсцы, як тая магрэта. Стаўбцы Чаш.
МАДНЕЙ прысл. Не так, як ва ўсіх, па-іншаму. У яе не так, як у людзей, а ўсё маднейй. Пугачова Докш.
МАДНЕЙШЫ займ. Іншы. Нічога маднейшага я табе падсказаць не магу. Дзёрнавічы В.-Дзв.
МАЁЎКА ж. Кірмаш, які ладзіўся ў вёсках з прычыны святкавання Першага мая. Ці пойдзем заўтра на маёўку? Князі Віц. Раньшы маёўкі ў нас усігда былі. Канашы Гар.
МАЖЫ толькі мн. Вялікія калёсы для гаспадарчых патрэб (перавозкі сена, дроў і інш.). Калі трэба, дык бяры мае мажы, яны за хатай стаяць. Новае Сяло Сен. Пайду мажы падрамантую, а то заўтра сена вазіць. Коравічы Чаш.
МАЗГАВАТЫЙ прым. Кемлівы, разумны. Унук у міне маладзец: мазгаваты расцець. Лужасна Віц.
МАЗГАВАЦЬ незак. Думаць над чым-н., узважваць, меркаваць, абмяркоўваць што-н. Будзім яшчэ з сынам мазгаваць, ці нада нам туды паехаць. Лужасна Віц., Іванск Чаш.
МАЗГАЎНЯ ж., груб. Галава. Ці думае чым твая мазгаўня? Мазалава Віц., Новае Сяло Сен.
МАЗІВА ж. Мазь. Вазьмі вон тую мазіву. Селішча Уш.
МАЗНІЦА ж., абрад. Слуп, змазаны мазутам, які палілі падчас святкавання Купалля. Мальцы пайшлі паліць мазніцу. Ула Беш.
МАЗОЛІСТЫ прым. Надакучлівы чалавек (звычайна пра дзіця). Ну, мазолісты малы, мельцяшыць і мельцяшыць перад носам. Мазурына Шум.
МАЗЭЛЬНІК м. Маляр. Прыйшлося мазэльнікаў браць, каб хату памазэлілі. Язна Міёр.
МАЙ м. Першая зелень лісцевых дрэў, якой па традыцыі ў вёсках упрыгожвалі жыллё. Прывязі маю: трэба прыбраць хату. Пугачова Докш. Нада прыбраць хату маем – будзе пахнуць свежым лісцем. Воўкаўшчына Міёр.
87 👁