ПЕРАБАРЛЯЦЬ, ПЕРІБУРЛЯЦЬ зак. Перамяшаць. Перабарляў усю адзежу, а мне цяпер складваць. Старое Сяло Уш. Перібурляіць-перібурляіць ежу, а есь не хочыць. Кулакова Віц., Канашы, Ноўка Гар.
ПЕРАБАРШЧЫЦЬ зак. Зрабіць што-н. звыш меры. Мусіць, ты ў кашы солі перабаршчыла. Далёкія Брасл.
ПЕРАБІРАНКА ж. Саматканая коўдра. Такія перабіранкі ў маладосці рабіла! Латышы, Празарокі Глыб. Змоладу ўсе дзеўкі перабіранкі ткалі. Язна Міёр.
ПЕРАБІРАНКА ж. Пласт сена. Перабіранка – гэта сена, калі яго пласціць граблямі. Спласціш і ў капу кладзеш. Гарэлькі Дубр.
ПЕРАБЛУТАЦЬ зак. Пераблытаць, перамяшаць, парушыўшы папярэдні парадак размяшчэння чаго-н. Зноў ты ўсё мне пераблутала. Урбаны Брасл., Мікалаёва Міёр.
ПЕРАБОЙКА, ПЕРАБОРКА, ПІРЯБОЙКА ж., ПЕРАБОР м. Сцяна, перагародка з дошак. Калі перабойку ў хаце ўбіралі, гэту фотакартку знайшлі. Вярхоўе Беш., Далёкія Брасл. Перабойку два разы ў гэтым гаду клеіла. Дзёрнавічы В.-Дзв., Занькі, Матырына Леп., Спігальшчына Міёр., Сіўцы Паст. Пераборка ў нас ужэ даўно тут. Ларынаўка Арш., Ула Беш., Грынеўшчына Докш., Расоны, Сяляўшчына Рас. Перад свадзьбай усе пераборкі разабралі. Абольцы Тал. Пірябойку заўтра клеіць будзім. Лужасна Віц. Во танцуюць, аж пірябойка шатаіцца. Канашы Гар. Калі сын адыходзіў у армію, перабор паставілі. Ула Беш. Параўн. перасценак.
ПЕРАБОРА аг., неадабр. Пераборлівы, капрызны чалавек. Усё не так гэтай пераборы! Паліцы Беш., Сабалі Чаш.
ПЕРАБРАНКА ж. Хвароба, прастуда, якая суправаджаецца кашлем. Змучыла перабранка – ужо сіл ніякіх нет. Слабада Глыб.
ПЕРАБУКНУЦЦА зак. Кульнуцца, перакуліцца. Глядзі, каб малы не перабукнуўся. Парфенаўка Дубр.
ПЕРАВЕСЛА, ПЕРАВЯСЛО, ПІРІВЯСЛО, ПЯРЭВІСЛА, ПЯРЭВЯСЛА, ПЯРЭМЕСЛА, ПЯРЭМІСЛА н. 1. Перавясла, жгут (часцей з сена ці саломы) для звязвання нейкіх прадметаў ці рэчаў. Перавесла парвалася. Кушлікі Пол. Перавяслом сноп абвізала. Малыя Лётцы Віц., Мікіціха Шум. Пірівясло з сена здзелаю. Канашы Гар. І куды гэта пярэвісла падзелася? Шалашнікі Рас. Параўн. первязень. 2. Ручка ў вядры. О, якое ты добрае зрабіў пярэвясла! Янкішкі Паст. Пірівясло руку нацёрла. Кулакова Віц. Пірівясло ў відре зламалась. Казловічы Гар. Пярэвісла прагнулася ад такой цяжасці. Сарочына Уш. Пакуль бульбу з поля несла, пярэвісла мазалёў нарабіла. Пятровічы Шарк. Ручку ў вядры называюць пярэмеслам. Сухавержжа Міёр. Пярэмісла пагнулася. Янкавічы Рас.
ПЕРАВІДЗІЦЦА зак. Убачыцца, сустрэцца. Як добра, што перавідзіліся з табой, а то ўсё па целефону. Марцінава В.-Дзв.
75 👁