Старонка 193
◀ / 305 ▶
ЖОЎКАЦЬ незак. Есці прагна. Жоўкае сабе і не думае нічога. Гута Паст., Тупічына Шарк. Параўн. жорці. ЖОЎНА ж., перан. Назола. Ды што твой лезе ў вочы, жоўна нейкая? Папоўка Сен. ЖУДЗЕЦЬ незак. Дакараць, павучаць, лаяць. Дзед жудзіць і жудзіць – не магу перажываць. Варапаева Паст. ЖУДЛІВЫ прым. Надакучлівы, бурклівы. Жудлівы ён такі, грызлівы. Варапаева Паст. ЖУЖАК м., заал. Авадзень. Жужакі заелі жывёлу на пасце. Обаль Шум. ЖУЖМА ж. Вязанка чаго-н. Жужма лазы. Магуны Паст. ЖУЙКА ж. Гумка для жавання, жвачка. Унук прыязджае ка мне з жуйкай і цэлы дзень жуе яе. Вераб'і Пол. ЖУЙКА аг. Чалавек, які ўвесь час нешта жуе. Які ты жуйка. Нільзя так. Задуброўе Віц. ЖУЛІК м., кулін. Дранік з мясам. Мы дужа любілі жулікі, алі рэдка елі, бульбы ні было. Шаркоўка Леп. ЖУНДАВАЦЬ незак. Камандаваць. Ён усягды любіў мной жундаваць. Ліпаўкі Докш., Сахнавічы Глыб. ЖУПІЦЬ незак. Гаварыць, размаўляць. Увесь вечар з суседкай жупіла пра кіно. Мількі Брасл. ЖУРЖАЦЬ незак. Журчаць, цурчаць. Добра на гародзе: там сонейка свеціць і рэчка журжыць. Бігосава В.-Дзв. ЖУРКА, ЖУРЫХА ж., кулін. Жур, аўсяны кісель; рэдкая страва з мукой. Журку робіла з аўсяных хлоп'яў. Муку малолі і журку варылі. Езярышча Гар. Журыха скора зварыцца. Сяляўшчына Рас. ЖУРУФКА ж. Лямпачка. Журуфка перагарэла. Вярэнькі Паст. ЖУРЫХА гл. ЖУРКА ЖЫВАСІЛ м., бат. Дзівасіл. У цёткі быў яшчэ прыпасен жывасіл. Вялікае Сяло Сен. ЖЫВАЦЕЦЬ незак. Хварэць на панос. Цяжка яму, жывацее ён. Празарокі Глыб. ЖЫВЕЦ м. Нявылежаны лён. На полі ляжыць жывец. Алашаўшчына Паст. ЖЫВІНА, ЖЫЎЁЛА ж., толькі адз., зб. Жывёла. Жывіну ў поле ганялі мы самі. Вішня Шум. Раньшэ ў мяне ўсякай жывіны было, гэта цяперака толькі куры засталіся. Вялікі Поўсвіж Леп. Жыўёла прышла з поля. Зубава Арш. ЖЫВІЦА ж. Суконная нітка. Бяры жывіцу і зашывай. Сардыкі В.-Дзв.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
84 👁
◀ / 305 ▶