960. Ня быць казе на лазе, ня есьці брэду. Калі зайздрывы квапіцца на ласы кавалак, але ня можа дастаць.
961. Ня вер каню ў дарозя, а жонцы дома. Прыказваюць таму, каму жонка зрадзіла.
962. Ня вер нікому, дык ніхто ні зрадзя. Перасьцярога ня быць даверлівым.
963. Ня вінна сьвінк,а, а вінна дзірка. Калі гаспадар дбайна глядзіць свае маемасьці, дык у яго ня будзе шкоды.
964. Няволя плача й скача. Плача, бо цяжка жыць, скача, бо да гэтага яго прымушаюць.
965. Ня голад бабовая каша. Прыказваюць бацькі, калі дзеці ганяць страву, што нясмачная.
966. Ня голіна, а стрыжана. Калі ўпарты ў спрэчцы хоча давесьці, што ягоны верх. З казкі: Мужык і жонка ішлі дарогай ды ўбачылі сучку з апараным бокам. Мужык кажа — «Як брытвай выгалена!» А баба кажа: «Не. Як ножніцамі выстрыжана!». Яны ішлі ўсю дарогу й спрачаліся. Нарэшце мужык узлаваўся ды піргнуў жонку ў раку. Жонка й тапілася, але два пальцы выстаўляла з вады, як ножніцы, каб быў ейны верх.
967. Ня гэта сіла, хто ўтрымая палкага каня, а гэта сіла, хто ўтрымая свае палкая сэрца. Не таму слава, хто мае моцную фізычную сілу, а таму слава, хто мае сілу волі.
968. Нядобра, калі жыд пазная грунт, а мужык пазная хунт. Селянін павінен пілнавацца зямлі, а жыд гандлю.
969. Ня дзіва, што карова чорна, а малако сіва. Калі нехта дзівіцца з натуральнай зьявы.
970. Ня дзіва, што ў караля дачка хараша. Прыказваюць, калі багаты мае дарагія й прыгожыя рэчы або калі ў багатага гаспадара дзеці добра адзетыя й прыбраныя.
971. Ня дурань здумаў прыказку. Гэтай прыказкай папераджаюць прыказку.
972. Ня зыч ліха другому, каб ні давялося самому. Прыказваюць таму,хто цешыцца з чужой бяды.
973. Ня зьведаўшы броду, ня сунься ў воду. Папярэджаньне, каб быць асьцярожным і прадбачлівым. Прыказваюць, калі нехта па сваей неразважлівасьці апынуўся ў прыкрым і сьмяхотным палажэньні.
974. Ня еў — ня мог. Пад'еў — ні рук, ні ног. 1. Аб гультаі, які перш нямог працаваць, бо быў галодны, а посьля — бо аб'еўся. 2. Гэтак жартуе той, хто па абедзе хоча паляжаць.
975. Ня мела баба клопату, дык купіла парася. Аб тым, хто па сваей неразважлівасьці ды за свае грошы нажыў вялікі клопат.
104 👁