766. Мне, бабачка, патрэбін ня твой воск, алі зыск. Словы гандляра, які купляў воск. Прыказваюць доктару, адвакату. гандляру, калі хочуць сказаць, што іх цікавіць не сама справа, якую выконваюць, а прыбытак ад яе.
767. Многа вады ў мора ўплыве, пакуль гэта будзя. Калі нехта будуе на далёкую будучыню вялікія, але ня жыцьцёвыя пляны.
768. Можа табе даць пячонай рэдзькі? Жартуюць гэтак з таго, хто ня можа падабраць сабе ежы ды кажа, што яму ўсё нясмачна.
769. Мора нап'ецца й бірагам застанецца. Прыказваюць тады, калі нехта наракае, што багатыя забіраюць сабе ўсё багацьце, а бедным нічога не застаецца. Калі ў мора ўплыве болей вады, чымся яно можа стоўпіць, дык гэтая вада расплываецца й на берагі. Калі багатыя зьбяруць болей багацьця,чымся яны могуць спажыць, дык часьць багацьця расплывецца ад іх і да іншых.
770. Мужык, дык мужык, алі Ганулін, а ня твой. Прыказвае селянін, калі яго лаюць мужыком, бо толькі той мужчына мужык, хто мае жонку.
771. Мужык прастак — німа хлеба, есьць праснак. Прыказваюць аб бедным, які сабе нешта прыдумае, каб зьесьці.
772. Мужыку па жонца, як бабя па йголца. Гэтак прыказваюць таму мужыку, які не шкадуе й не шануе жонкі. Калі баба згубе іголку, дык купе другую. Калі ў мужыка памрэ жонка, дык ён другую возьме.
773. Мы ні дзіля таго жывём, каб есьці, а дзіля таго задзім, каб жыць. Чалавек павінен жыць для нейкай высокай ідэі, а есьці мусе для таго, каб падтрымліваць жыцьцё.
774. Мысьлі за марамі, а сьмерць за плячыма. Жыцьцё чалавека не залежа як ягонай волі.
775. Мядзьведзь прасіўся падвязьці адну лапку, а як паставіў, дык і саначкі паламаў. Прыказваюць, калі слабы пачне дапамагаць дужаму, дык пры гэтым і сам загіне.
776. Мякка сьцеля, алі мулка спаць. Прыказваюць чалавеку, які ў вочы прыдобрываецца, а за вочы вялікія крыўды робе.
777. Мяне хоць і ваўком называй, алі што дня па барану давай. Прыказвае матар'ялісты, які не клапоціцца аб добрым імяні, абы толькі матар'яльна быў забясьпечаны.
778. Мятліца — хлебу памачніца, а званец — хлебу катец. Заўвага старых земляробаў. Зь мятліцы шмат мякіны, дык будзе вялікая куча нявеянага жыта. Званец-жа ахварбоўвае хлеб у цёмнасіні колер
104 👁