Мароз сем баб павёз. Жартуюць гэтак, калі вялікі мароз прыцісьне. Мароз — сто пудоў на воз. Аб добрай саннай дарозе. Масква сьлізам ня вера. Прыказка гістарычная, паходзіць з часоў частых войнаў з Маскоўшчынай, калі маскоўцы ў Беларусі высякалі часта ў пень нявінных людзей, не зважаючы на іхны плач ды мольбы. Маскоўскія дактары вынюць душу біз пары. Прыказвалі, калі ў вайсковых маскоўскіх шпіталёх умірала шмат жаўнераў. Масла пагасла, сала патала, а кілбасе ліха стала. Гэтак жартуе гаспадыня, калі ўся скаромніна вышла й няма чым гасьцей частаваць. Матаіцца каля вуш. Гэтак кажуць, калі нешта хочуць прыпомніць, а яно на памяць ня прыходзе. Маўчы, бо начну таўчы. Жарт-пагроза, каб не выдаваць сакрэтаў. Маўчыць, як мыла зьеўшы. Прыказваюць на таго, каму няма чаго казаць ад сораму. Маючы паршывою галаву, ня трэба ў дух лезьці. Прыказваюць таму, хто ня мае адпаведнага здароў'я ці здольнасьцяў, а бярэцца за такую справу, якой ня ў сілах выканаць. Мая душа ні крывая — усё прымая. Гэтак жартуе госьць, калі гаспадыня перапрашае, што можа страва яму не да смаку. Мая хата з краю й я нічога ні знаю. Прыказвае той, хто ня хоча ўмешвацца ў грамадзкія справы. Месца, як старой бабя сесьці. Прыказваюць, калі трэба ня зусім малое месца, бо старая баба ня любе, каб да яе блізка прыхіналіся. Мець на воку. Ня выпускаць з зроку, сачыць за нечым. Міл жабя гарэх, ды зубоў Бог ні даў. Прыказваюць, калі зайздрывы квапіцца на нешта завіднае, але ня мае магчымасьці скарыстаць яго. Мілая дабро, алі бруха адно. Жартуючы прыказвае госьць, калі яго запрашаюць, каб болей еў. Мілы мой крадзеж, куды мяне завядзеш? Гэткае пытаньне ставяць злодзею ці іншаму злачынцу. Мілы мой спакою — добра жыць з табою. Прыказваюць сумленныя людзі. Мне ад гэтага ні холадна, ні цёпла. Прыказвае той, каму абыякава справа, аб чым ідзе гутарка.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
112 👁