ЗАГНЁТ м. Месца перад топкай у печ; прыпечак. Кацёл вялікі, ледзь на загнёт узняла. 2. экспр. Пра скупянду, жмінду. О, гэты загнёт табе так і пазычыць.
ЗАДАТЛІВЫ, ЗАДАЧЛІВЫ прым. З добрымі задаткамі. Купілі кабанёнка, і задатлівы такі, жоркі, расце хутка! Свінні сёлета ў нас задачлівыя: і ядуць добра і не хварэюць.
ЗАДОК м. Задняя частка калёс. Так не развернешся, трэба задок занесці.
ЗАДРЫСТА ж. □ Любая задрыста, а хоча паліто рублёў за трыста.
ЗАЗОРНАЕ н. Ганебнае, прыкрае. Красці – ён не лічыць зазорным, а вось працаваць – ён лічыць для сябе зазорным, вось які ён чалавек.
ЗАІНДЗЯВЕЛЫ прым. Заінелы, пакрыты ледзяной коркай. Прыйшоў у хату, увесь такі заіндзявелы, сасулькі з вусоў і з барады звісаюць.
ЗАКАБАІНА ж. Глухое месца, якое знаходзіцца здалёк ад дарогі, паселішча. З закабаіны сёння рашыў сена вывезці на чыстае месца.
ЗАКАЖАНЕЦЬ зак. Зрабіцца лядашчым, набыць хваравіты выгляд. Як пажыў Сямён у цешчы, закажанеў зусім, не пазнаць ажно.
ЗАКРУТКА ж. Патаўшчэнне на нітцы; сукаратка. Ты ж роўненька адну і другую нітку трысці, каб на іх потым, калі сучыць будуць, закрутак не было.
ЗАКУРДАТЫ прым. Кучаравы. А хлопца якога прыгожага адхапіла, ды яшчэ такі закурдаты.
ЗАЛІХВАЦКІ прым. 1. Удалы, зухаваты. Хлопец ён заліхвацкі. 2. Фанабэрысты; пагардлівы (пра выгляд). Выгляд у яго быў заліхвацкі.
ЗАЛОЎКА ж. Сястра мужа. Люблю сваю залоўку: яна такая працавітая ды і справядлівая.
ЗАМАГАЦЬ незак. Перамагаць, здужваць. Каровы біліся, але наша замагаіць усіх.
ЗАМУРСМОЛІЦЬ зак. Замурзаць, забрудзіць. Апранула новыя штаны і на ж табе: і іх замурсмоліў у адзін міг.
76 👁