П.І. Кулік
З ГАВОРКІ ВЁСКІ ГАЛОЎЧЫЦЫ
Прыводзяцца словы, запісаныя ў вёсцы Галоўчыцы (мясц. Головчычы) Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Вёска знаходзіцца ў 20 км на паўднёвы захад ад. г. Драгічына і ў 10 км на паўднёвы ўсход ад гарадскога пасёлка Антопаля.
Літарай [ї] аўтар абазначае спалучэнне [йі], а таксама галосны [і] пасля цвёрдых зычных.
БЛОТНІК м. Прыстасаванне ў веласіпедзе, якое ахоўвае кола ад бруду. І ек Попын хлопыць успів одрізаты кусок ґумы од блотніка?
БОДНЯ ж. Бочка з накрыўкай для адзення ці збожжа. Ек загналы в колхоз, то бодню выкынулы з коморы, кыб ны займала місьце.
БРУКАЛО н. Дзіцячая цацка з косткі на нітцы ці матузку. Сыділы хлопцы і гралыся брукалом.
БУКРЫЕ прысл. Хай Бог бароніць. Пажаданне пазбаўлення ад чаго-небудзь непрыемнага. Алы жывэ Лукір'я бідно. Хай букрые.
БЫЦЯ ж. дзіцяч. Карова, цяля. Утыкай, а то быця нызнэ рогамы.
ВОЛО н. Валляк. Кыб моя курыця нысла такыї ейця, ек у її воло.
ВОЛОЧЭДНО н. Вялікоднае яйка. Маня, почысць цыбулю і звары волочэдны ейця.
ВЫРАЧКЫ мн. Вялікія лупатыя вочы. Шо ты вывалыв свої вырачкы, ек баран ейця.
ВЫТРЫШКЫ мн. Экспр. Вочы. Поніс грошы на кіно, вытрышкы пушов куплеты.
ВЫТУХНУТЫ зак. Моцна прагаладацца. Ек ны дам їсты, то вытухныш ты у мынэ.
ГАРТУ ДАТЫ. Даць рады. Попыны діты обырвалы у нас усі еблыка. Ну, ныекого гарту ны даты.
ГЛАБЫНА ж. Драбіны. Гріша! Пуднымы глабыну, то будэ лёкшій гнїй выкыдаты з воза.
ГРЫЗЬ м. Хвароба суставу. Шось міні в руку грызь ухопывся. Трэба кыб хтось погрыз. Можэ полёкшае.
ГЫНДЭ часц. Вунь там. Петя! Куды ты свого собаку подів? Гындэ заїць побіг, можэ догнав бы.
ДЗЮБАК м. Дзюба. Кынула собацы голову півня, то собака її навіть з дзюбаком здзів.
ДРЕПАТЫ незак. Драпаць. І кілько ж тыбэ просыты ны гратысь з котом, а так добрэ подрепав.
ДРОВАЛЬНІК м. Хлеў для дроў. У дровальныку булы смолысты сосновы колоды, з їх робылы лучыну.
78 👁