I. А. Гапоненка, В. П. Трайкоўская
НАЗВЫ ЛЕКАВЫХ РАСЛІН У ГАВОРКАХ ВЁСКІ СТАРЫ СВЕРЖАНЬ СТАЎБЦОЎСКАГА РАЁНА
Лексіка народнай медыцыны ў аснове сваёй вельмі старажытная, пры гэтым склад яе папаўняецца на працягу ўсёй гісторыі мовы, у першую чаргу за кошт актыўных словаўтваральных працэсаў і засваення запазычанняў. Народная (нетрадыцыйная) медыцына і гамеапатыя ўвесь час знаходзяць сваіх прыхільнікаў і суіснуюць паралельна з адпаведнымі галінамі афіцыйнай навукі.
У нашай падборцы змешчаны словы, якія абазначаюць палявыя, лугавыя, лясныя, балотныя, дэкаратыўныя і інш. лекавыя расліны вёскі Стары Свержань і адсутнічаюць у "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы" (1977-1984 гг.). Зафіксаваныя лексемы разнастайныя ў семантычных, лексіка-граматычных, словаўтваральных і акцэнталагічных адносінах.
Лексічны матэрыял запісаны аўтарамі ў 2001 годзе ад мясцовых жыхароў Кізевіч Ю. С. (1922 г. н.), Слабейка Л. С. (1926 г. н.).
Вёска Стары Свержань знаходзіцца ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, з'яўляецца цэнтрам калгаса "Нёман", размяшчаецца на паўднёвым захадзе на аўтамабільнай дарозе Стоўбцы – Івацэвічы.
Па сваіх важнейшых моўных асаблівасцях, гаворка дадзенай вёскі адносіцца да паўднёва-заходняга дыялекту.
АДАНІС м. Адоніс. Засушваюць толькі кветкі аданіса. Адвар іспользуюць калі прастуда, кашаль, лёхкія запаліліся.
АСОКА ж. Асака. Асока очынь харошая лякарства ад нерваў. Расце ў нас на пясках каля рэчкі.
АЛЬВАС м. Альяс. Альвас лячнічы. Яго трэба пацерці, дабавіць мёду, настаяць і піць пры асме.
БАБА, БАПКА ж. Трыпутнік. Лісткі бапкі прыкладваюць да ўшыбленага месца.
БАГАРОЦКІ: БАГАРОЦКАЯ ТРАВА. Чабор. Настой багароцкай травы здымая кашаль. Можна заварваць і чаёк.
БАГОН м. Багульнік. Багон расце на забалочаных, тарфяных месцах. Настойку з багона добра прымаць ад кашля.
БАЛОТНІ: БАЛОТНІ АКОПНІК. Травяністая расліна сямейства бурачнікавых. Корні балотняга акопніка настойваюць на гарэлцы і даюць ад жывата.
БАРАВЫ: БАРАВЫ ГАЛАДОК. Шматгадовая травяністая расліна сямейства гваздзіковых. Баравы галадок расце кучкамі на сухіх месцах, лугах. Лісткі заварваюць і п'юць ад галавы.
БРАТКІ мн. Браткі. Браткі заварваюць і купаюць дзяцей у гэтай вадзе.
79 👁