В.М. Курцова
АБ АДРОЗНЕННЯХ У ФАРМІРАВАННІ ДЫЯЛЕКТНАЙ НАМЕНКЛАТУРЫ НАЗВАЎ ТЫПУ БУЯКІ (ДУРНІЦЫ) І ІХ НАМІНАЦЫЯ
Для абазначэння спажыўных ягад кустовай нізкарослай расліны сямейства бруснічных Vaccinium uliginosum L, якая расце ў сырых барах і па балоцістых купінах, але асабліва любіць тарфяныя мясціны, у беларускай літаратурнай мове выступаюць дзве назвы — буякі і дурніцы.
Буякі, або дурніцы, — тыповы прадстаўнік расліннага свету Беларусі (ЭПБ, т.1). Знешне ягады буякоў падобны на чарніцы: такія ж сіне-чорныя, з шызым налётам, аднак крыху, можа, большыя па памеры ў параўнанні са сваімі бліжэйшымі па батанічнаму роду сваякамі — чарніцамі і брусніцамі. Нязменным суседам буякоў па месцы росту з'яўляецца багун — вечназялёная расліна сямейства верасовых з рэзкім дурманлівым пахам, які асабліва актыўна вылучаецца ў цёплы час — ліпеньскія ці жнівеньскія летнія дні.
Анамасіялагічныя матэрыялы па назвах буякоў (дурніц) у гаворках беларускай мовы адлюстроўваюцца найперш у каментарыях ЛАБНГ да карты № 224 "Буякі". Яны сабраны на аснове тыповага для дадзенага корпусу лексічных звестак пытання: "Я. н. ягады буякоў?.." (ЛАБНГ, т.1, 96). На анамасіялагічнай карце № 224 "Буякі" ЛАБНГ падаюцца наступныя найменні буякоў у іх абагульненай фанетыка-марфалагічнай форме: дурніцы, дурыны, буякі (буяхі), буяны, п'яніцы (п'яніцы), лахачы, лахіны, галубіка, галубоні (і іх варыянты), бугаі, сініцы, круцялі (круцікі). А таксама адзінкавыя назвы: сінія галовы, балабоны, суніцы, буганы, калуны, біцухі. Дапаўняюць гэтыя звесткі матэрыялы двух мікраатласаў, у якіх адлюстроўваюцца лексічныя сэнсава-вылучальныя адзінкі па моўным забеспячэнні гаворак заходнепалескага рэгіёна (Леванцэвіч; Босак). У адносінах да анамасіялагічнай, а таксама і тэрытарыяльнай варыянтнасці намінацыйнага вылучэння і абазначэння ягад буякі (дурніцы) цікавы матэрыял падаецца ў рэгіянальных слоўніках і іншых лексікаграфічных працах. Ён у асноўным абагульнены ў спецыяльным выданні па назвах ў сферы расліннага свету Беларусі "Раслінны свет: Тэматычны слоўнік" (РС). Звесткі розных інфармацыйных крыніц сведчаць: вылучальнымі па фармальных паказчыках і сэнсава-адрознівальнай структуры назвамі пладоў расліны Vaccinium uliginosum у большасці гаворак беларускай мовы з'яўляюцца найменні дурніцы (і іх структурна-марфалагічныя варыянты) і найменне тыпу буякі. Яны дамінуюць па прасторы распаўсюджання.
Дастаткова вядомыя рэгіянальна пашыраныя лексічныя сродкі тыпу п'яніцы (п'яніцы) і лахачы (лахіны). Група іншых намінацыйна-вылучальных і абазначальных адпаведнікаў назваў буякоў (дурніц) мае статус лакальна абмежаваных па пашырэнні словаформ. Гэта: бугаі, буганы (буганы; бугуны), галабоні, галубоні, ганабобель, белякі, белагаловік, балабоны і некаторыя інш. Усе
96 👁