Л.П. Кунцэвіч
ТЫПЫ НАЙМЕННЯЎ АДУВАНЧЫКА
Ў БЕЛАРУСКІХ НАРОДНЫХ ГАВОРКАХ
Даследаванне дыялектнай батанічнай тэрміналогіі і наменклатуры мае вельмі важнае значэнне па той прычыне, што гэтая група лексікі можа праліць святло не толькі на характар расліннасці даследуемага рэгіёна ў мінулым, але і садзейнічаць высвятленню шырокага кола ўяўленняў, якія суадносяцца адначасова з некалькімі аспектамі культуры. Расліннасць заўсёды аказвала вялікі ўплыў на жыццё людзей. Збіранне раслін, іх пладоў з'яўляецца адным са старажытнейшых заняткаў чалавека. Многія расліны ўжываліся і зараз ужываюцца ў ежу, некаторыя служаць лекамі пры хваробах людзей і жывёл і г.д. Усе яны маюць свае, часта акрамя літаратурнай, вельмі шматлікія рэгіянальныя назвы, якія ўтвараюць вялікія намінатыўныя рады. У склад гэтых радоў уваходзяць часам па дваццаць, трыццаць, а то і значна больш найменняў.
Высветліць значэнне назвы расліны бывае вельмі складана, таму што матыў, пакладзены ў аснову наймення, даўно забыты і неабходна высвятленне фальклорных, міфалагічных і рэлігійных вобразаў, легенд, экспрэсіўнай характарыстыкі асабовых імён і г.д., на аснове якіх была ўтворана намінацыя.
Параўнай назвы свентыян, пятрушка, мята Пятрова, мышыны гарох, ксяндзоў плеш, мядзведзікі, мядзведжае вушка і інш.
Неадназначнай з'яўляецца назва расліны і ў лінгвагеаграфічным плане. Ступень распаўсюджанасці слоў розная, побач са значным агульнаславянскім пластом лексікі кожная мова і кожная гаворка ствараюць вялікі працэнт новаўтварэнняў, многія з якіх з'яўляюцца вузкамясцовымі, лакальнымі. І такія суадносіны былі ва ўсе часы, таму высветліць матыў, пакладзены ў аснову некаторых найменняў, немагчыма і па той прычыне, што слова магло быць вузкамясцовым у старажытныя часы [1.С. 85].
Сярод раслін, якія распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі, адметнае месца займае адуванчык. У дадзеным артыкуле мы пакажам тэрытарыяльнае распаўсюджанне ў беларускіх народных гаворках найменняў адуванчыка, паспрабуем высветліць, па магчымасці, тып матывацыйных адносін паміж гэтымі назвамі і вызначыць прыкметы, пакладзеныя ў аснову шматлікіх намінацый гэтай расліны.
У беларускай літаратурнай мове для травяністай расліны сямейства складанакветных з жоўтымі кветкамі і насеннем на пушыстых валасінках, дзякуючы якім яно лёгка разносіцца ветрам (Taraxacum), існуюць дзве назвы – адуванчык і дзьмухавец.
На Беларусі вядома больш за 10 відаў адуванчыка (дзьмухаўца), самым пашыраным з якіх з'яўляецца адуванчык лекавы. Расце ён каля жылля, уздоўж дарог, на палях, агародах, лугах. Гэта шматгадовая травяністая расліна са стрыжнёвым коранем і бязлістымі, полымі ўнутры сцябламі і двухполымі, звычайна жоўтымі кветкамі, на зломе сцябла якіх выдзяляецца горкі малакападобны сок [2. С. 126].
78 👁