ПРЫ САВЕТАХ. У часы савецкай улады. Калі вучыліся пры саветах, то тых, хто меў два – чытыры класы, атсаджвалі назад. Залацеева Зэльв.
РАБАКІ ТОЧАЦЬ каго. Неадабр. Хто-н у пастаянным руху, не можа ўседзець на адным месцы. Ні аднае мінуты ні можаш пасядзець – то туды, то сюды. Цібе што рабакі точаць? Амбілеўцы Шчуч.
РАЗЯВІЦЬ РОТ. Пачаць спяваць. Весяло было – уся маладзёш па кампанях, весь сьвет ат песьняў дрыжаў, а ціпер нідзе ніхто рота ні разьзявіць, анно цілівізары, больш ніякай вясёласьці няма. Малыя Азёркі Маст.
РВАЦЬ НА СВАЁЙ ГАЛАВЕ ВАЛАСЫ. Адчайвацца, вельмі моцна перажываць. А праз два гады аж валасы на сваёй галаве рваў, чаму я так мучыў сваю сям'ю, бо як прышлі саветы, то ўсю зямлю панскую раздалі на Пуцэвічы і Кміцянку. Пуцавічы Навагр.
САМ ПРАЗ СЯБЕ. Самастойна, без чыёй-н. дапамогі. Бацька твой у Куцю радзіўся, таму ён такі шчасьлівы, у школу хадзіў, пайдзеш, ту выхваляны ад усіх учыцялёў, і тут на мейсцу, і ў цехніцы, і ў акадэміі. Многія і самыя прас сібе падабіваліся. Поліпніца Воран.
СВЕНТЫ ПЭНДЗАЛЬ. Іран. Чалавек, які прыкідваецца набожным. На гэтага сьвентага пэндзаля глядзець ні магу. У касьцелі ўжэ ш такі набожны, а выйшаў с касьцёлу – мат на маці. Амбілеўцы Шчуч.
СТО РУБЛЁЎ УБЫТКУ. Неадабр. Той, з каго няма ніякой карысці, а толькі адны непрыемнасці. З ім няможна што-нібуць рабіць, толькі мяшая, ні чалавек, а сто рублёў убытку. Каркуцяны Воран.
СТЫДЛІВЫ НОСЭК. Від пакаёвай расліны. А які быў вазон у пана – курчык, стыдлівы носэк называўся, як даткнешся, так ён скурчыцца, а як адыдзеш, ізноў распусьціцца. Новая Спуша Шчуч.
СУКАНУЦЬ ВІЛЫ Ў БОК. Наслаць на каго-н. чары, праклён. Нешто ні палучаяцца, як нехто сукануў вілы ў бок. Мачуліна Ваўк.
СЦЕРАБІЦЬ ПРАЗ ЛЭБ. Ударыць чым-н. каго-н. Адыдзіся ад мяне, бо як сьцераблю праз лэп, то больш ні захочаш. Каркуцяны Воран.
ТАКОЕ БЕДЫ. Няхай будзе так. Я гаварыўшака, чаго прыехаў сюды, а гэты дзет усё слухаў, па кабінеце пачаў хадзіць туды-сюды, а потамака сказаў мне: “Едзь дахаты. Такое беды! Усё ў цябе добра будзя”. Забагонне Зэльв.
ТАЧЫЦЬ МУРКУ. Асудж. Гаварыць абы-што, несусвеціцу. Што ты мне тут мурку точыш, слухаць ужэ ні магу! Райца Карэл.
У ДЫМІНУ. Асудж. Вельмі (п'яны). А ціпер сьпіўся мужык. Бывая, што нядзелямі п'яны ў дыміну. Дубна Маст.
У ЗАПАЛЫ. У нешта спрэчнае, рызыкоўнае, небяспечнае (палезці). Нагаварыў чаго ні трэба, посьля толькі паняў, што дарма палез у запалы. Руда Яварская Дзятл.
Бульба У МУНДЗЯРАХ. Звараная ў лупінах. У аўторак елі бліны (хто ш чым) і па блінах ну й яшчэ там што – крупы; у сераду была бульба ў муньдзярах. Вялікія Яцыны Астр.
У ПЕРШАЙ УСТРЭЧЫ. Стрыечны. А мой брат у першуй устрэчы ў парцізаны пашоў. Рутка II Навагр.
80 👁