САБАЧКІ - частка ткацкага станка, з дапамогай якіх мацавалі ніты (Смаргонскі р-н, 1).
ЦЭЎКА - невялікая палачка з адтулінай, на якую наматвалі ніткі для утка. "А тады сукалі цэўкі" (Смаргонскі р-н, 3).
ЧАЎНОК - ткацкая прылада ў выглядзе чоўніка, для пракідвання нітак утка. "А тады бердо называлася, кідалі ў бердо, зразу ў бердо, тады ў ніты, завязвалі ўсё гэта і тады ўжо чаўнок запускалі" (Смаргонскі р-н, 3).
АДРАСЫ - схемы запраўкі асновы ў ніты. "Я думала, адрасы найду, па каторым увадзіць. Нада такія бумажкі" (Смаргонскі р-н, 2).
ЗАТКАЦЬ - пачаць ткаць. "Мама заткала, дашла да навойчыка..." (Свіслацкі р-н, 1).
КІДАЦЬ - запраўляць аснову ў ніты. "Тады ніт я рабіла, і кідалі - ой, кідаць цяжка, па парах, па першых парах, на другіх, і трэба, каб кветка вышла" (Смаргонскі р-н, 3).
НАВАДЗІЦЬ - запраўляць аснову ў ніты. "Гэта посцілка ў чатыры ніты, гэта маміна, яна ўчыла навадзіць. Тады ў берда, нада харашо ўвадзіць, іначай не вытчэш нізашто..." (Смаргонскі р-н, 2).
ПАРКІ - найдрабнейшы элемент ткацтва, з якога складаўся малюнак. "І закладаеш - бярэш там тры паркі, чатыры, дзве, пяць, шэсць. І что палучаецца, цвяток, глядзіш, а тады мяняеш паркі, ідзеш назад" (Ашмянскі р-н, 9).
ПАСАЧКІ - вузкія тканыя палоскі (Зэльвенскі р-н, 2).
ПАТЫКАЦЬ - ткаць, ператыкаць, пракідываць ніткі утка. "А тыя, што мы перабіралі, былі шэрсцяныя, аснова - льняная, а патыкалі шэрсцю" (Ашмянскі р-н, 4); "На аснову бялілі ніткі, і патыкаць, каб бялейшэ было. А хто меў грошы, пакупаў горань і тымі маткамі патыкаў" (Мастоўскі р-н, 7); "І тады патыкалі кветкі" (Смаргонскі р-н, 3); "Ives" (Ашмянскі р-н, 3).
ПЕРАТЫКАЦЬ - ткаць, ператыкаць. "Лёнам паснуюць, а для празніка шэрсцю патыкалі" (Ваўкавыскі р-н, 4).
САСТАЎЛЯЦЬ - снаваць і запраўляць аснову для узорнага ткацтва. "Гэта я памагала ткаць, а мама састаўляла" (Смаргонскі р-н, 2).
ТКАЦЬ - "Тады ўжо ткалі вясной, аж да вясны ткалі" (Ашмянскі р-н, 2);
УВОДЗІЦЬ - запраўляць ніткі асновы ў ніты "Увадзіць знаю. Трэба ж знаць, як увесці, укінуць" (Смаргонскі р-н, 2).
3. Назвы тканіны і тканых вырабаў
АСЬМЯРЫК - тканіна, вытканая ў восем нітоў.
ВОСЕМНІТ, ВАСЬМІНІТОВАЕ - тканіна, вытканая ў восем нітоў. "Восемніт - у восем нітоў, палаценца ткалі - хрушчаткамі" (Смаргонскі р-н, 3); "Саткалі плацце клетачкамі - у восемніт, васьмінітовыя, такія ў клетачку, красівыя" (Ашмянскі р-н, 4); "Двуніт, восемніт, чвараніт ткала" (Ашмянскі р-н, 9).
91 👁