І. І. Крамко
МЯСЦОВЫЯ СЛОВЫ
АДНОЙ ПРЫНЁМАНСКАЙ ГАВОРКІ
(дзеяслоўная лексіка)
Словы, якія падаюцца ў гэтым артыкуле, сабраны пераважна ў вёсцы Беражна (мясцовая назва Беражан і Беражно), што знаходзіцца за семнаццаць кіламетраў ніжэй ад Стоўбцаў на Нёмане, а таксама ў іншых недалёкіх ад Беражна вёсках. Часткова гэта вузкія дыялектызмы, часткова — словы, уласцівыя і іншым раёнам Беларусі. Некаторыя з іх не лішне было б нават уключыць у слоўнікі літаратурнай мовы, такія, як збыткаваць, капіць, скапіць (сена), намагчыся, паталяць, хаяць і іншыя. Акрамя дзеясловаў у артыкул уключана некалькі выклічнікаў, якія маюць блізкую да дзеяслова семантыку. Не падаюцца тут гукапераймальныя дзеясловы тыпу божкаць, гыгыкаць, а таксама рэгіяналізмы, якія ўвайшлі ў мову жыхароў гэтай мясцовасці ў міжваенны час, такія, як вымальдавацца, замальдавацца і падобныя познія паланізмы.
АБАБУШЫЦЬ зак. Тое, што і абабэнчыць.
АБАБЭНЧЫЦЬ зак. Апушыць. Нешто карову абабэнчыло — мусіць, павука з'ела, а можа, ад роснай канюшыны.
АБІНЬДЗЁЖЫЦЬ зак. Абабраць. Калі ні ўмеяш гуляць у карты, то на грошы ні бярыся гуляць, бо так абіньдзёжаць, што і гроша ў кішэні ні астанецца.
АБІРЫЧЫЦЬ зак. Абстрыгчы. Цябе абірычылі, як авечку, мусіць, маці ножніцамі стрыгла.
АБЛЕІЦЬ зак. Абшыць порткі скурай па пэўнай мадэлі.
АБРАБІЦЦА зак. Запэцкацца. Асьцярожно ідзі каля дзвярэй, а то абробісься ў краску — яшчэ ні высахла!
85 👁