Старонка 51
◀ / 361 ▶
Н. Т. Вайтовіч З НАРОДНЫХ КРЫНІЦ Вёска Цяхцін Бялыніцкага раёна, дзе намі праводзіліся запісы дыялектнай лексікі, знаходзіцца ў зоне сярэднебеларускіх гаворак. Па большасці моўных асаблівасцей гаворка гэтай вёскі адносіцца да паўночна-ўсходняй групы беларускіх дыялектаў, прычым у моўнай сістэме прадстаўлены і некаторыя рысы паўднёва-заходніх і сярэднебеларускіх гаворак. Вакалізм характарызуецца дысімілятыўным аканнем і яканнем, але побач з ъ—ы на месцы ненаціскных о і а часам вымаўляецца ă або а: вăда, пашня, бăрада (у слоўніку пішам а); побач з і на месцы е, я сустракаецца е: зімля, сірада, верая. Наглядаецца моцная рэдукцыя ненаціскных галосных: барвік, смакіша; пашырана асіміляцыя ненаціскных галосных з пераходам а, о, е ў у: гурувала, у Мугулёві; даволі частыя змены ы ў а: нажаваць, паталася. У гаворцы назіраецца цвёрдае вымаўленне р, падаўжэнне зычных, няпоўнае аглушэнне звонкіх зычных у канцы слова і перад глухімі. Форма 3-й асобы дзеясловаў таксама ўказвае на пераходны, сярэднебеларускі характар гаворкі: дзеясловы I спражэння маюць націскны канчатак -ець і е: нясець — нясе, дзеясловы II спражэння ўжываюцца з канчаткам -а, -я: кура, нося. Лексіка гаворкі ў асноўным з'яўляецца паўночна-ўсходняй: вутка, курыца, сілязёнь, пырасёнык, мост (падлога), крыша, арэлі, гутатацца, пруд (млын), абіда, хадзяін і інш., але сустракаюцца лексемы і паўднёва-заходніх дыялектаў: певінь, пацук, страха і інш. Магчыма і паралельнае ўжыванне лексем, уласцівых абедзвюм групам дыялектаў: бусіл — буцян, нада — трэба, польза — карысць. У гаворцы захаваўся рад спецыфічных лексем, якія ўяўляюць значную цікавасць для мовазнаўства.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
78 👁
◀ / 361 ▶