асобных слоў. Запісана таксама шмат іншых звестак і назіранняў. Рэгістрацыя слоў яшчэ будзе працягвацца, хоць незапісаныя яшчэ словы робяцца ўжо, безумоўна, усё больш рэдкай з'явай.
Адначасова з выяўленнем такой рэдкаўжывальнай (і прапушчанай) лексікі пачнуцца больш глыбокія спецыяльныя назіранні над семантыкай і ўжываннем зарэгістраваных слоў, паступовае абагульненне сабранага матэрыялу ў «лабараторных» умовах з наступнай праверкай і ўдакладненнем сабраных звестак у час паездак на Тураўшчыну.
Паводле папярэдніх задум, слоўнік Тураўшчыны будзе вызначацца некаторымі спецыфічнымі асаблівасцямі.
Гэта будзе слоўнік традыцыйнай лексікі адной мясцовай гаворкі. Інакш кажучы, ён не будзе дыферэнцыяльным у адносінах да слоўніка беларускай літаратурнай мовы. Але ён не будзе таксама і поўным у літаральным сэнсе гэтага слова.
Крытэрый традыцыйнасці арыентуе на дыферэнцыяцыю лексікі, якая адзначаецца ў гаворцы зараз, і адбор з усёй сукупнасці вядомых і ўжываемых тут слоў толькі іх пэўнай часткі. Але гэты адбор грунтуецца не на аналізе суадносін паміж лексічнай сістэмай гаворкі і лексічнай сістэмай беларускай літаратурнай мовы, а на ацэнцы наяўных слоў з пункту погляду складвання і развіцця гаворкі, а таксама сувязі кожнага слова з мясцовай народнай матэрыяльнай і духоўнай культурай. Зыходзячы з такіх прынцыпаў адбору, у рэгіянальны слоўнік Тураўшчыны мяркуецца ўключыць не толькі разнастайныя палескія дыялектызмы і вузкія рэгіяналізмы, а наогул усе словы, якія характэрны для лексічнай сістэмы мясцовай гаворкі, незалежна ад іх наяўнасці ў беларускай літаратурнай мове або ў іншых беларускіх гаворках. Выразныя ж мясцовыя лексічныя запазычанні з наддыялектных і інтэрдыялектных моўных сістэм, якія пашыраны на Тураўшчыне зараз або былі пашыраны ў недалёкім мінулым, уключацца ў слоўнік не будуць. Па-за межамі слоўніка застануцца таксама і розныя аказіянальныя, цытатныя і падобныя да іх іншасістэмныя лексічныя сродкі, якія адзначаюцца ў сучаснай мове на Тураўшчыне.
Такі падыход да рэгістрацыі і адлюстравання ў слоўніку Тураўшчыны лексікі сучаснай мясцовай мовы абумоўлен не толькі асаблівай культурна-гістарычнай знач
75 👁